Беларуская Служба

На працягу сямі дзён звольненыя два топ-кіраўнікі, якія адказвалі за працу БелАЭС

04.01.2024 17:18
29 снежня рашэннем урада быў адпраўлены ў адстаўку намеснік міністра энергетыкі.
 .
Атамная электрастанцыя. Ілюстрацыяфота: Pixabay.com/JamesQube

4 студзеня Аляксандр Лукашэнка назначыў генеральным дырэктарам станцыі 51-гадовага ўраджэнца Гомеля Сяргея Бабовіча. З 10 жніўня 2020 года ён працаваў намеснікам генеральнага дырэктара дзяржаўнага вытворчага аб'яднання «Белэнерга» - нагадвае выданне "Позірк".

Раней, з першых дзён рэалізацыі праекту, БелАЭС кіраваў Міхаіл Філімонаў. У 1980 годзе ён скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, з таго часу працаваў у сферы энергетыкі.

29 снежня рашэннем урада быў адпраўлены ў адстаўку намеснік міністра энергетыкі 68-гадовы Міхаіл Міхадзюк, які непасрэдна курыраваў работу БелАЭС. На пасадзе намесніка кіраўніка Мінэнерга Міхадзюк працаваў з 2005 года.
Будаўніцтва АЭС каля Астраўца (Гродзенская вобласць) завяршылася восенню 2023 года. Станцыя пабудаваная па расійскім праекце, генеральным падрадчыкам выступіла дзяржаўная карпарацыя «Расатам».

Першы энергаблок АЭС сілкуе энергасістэму Беларусі з 3 лістапада 2020 года, другі – з 13 мая 2023 года. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзеныя ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова гаварыў аб магчымасці збудавання ў Беларусі яшчэ адной АЭС.

нг