Беларуская Служба

Па патрабаванні «сілавікоў» закрываецца адна з найбуйнейшых у Беларусі школ польскай мовы

06.01.2024 07:51
Курсы PanProfesor закрываюцца пасля візіту прадстаўнікоў «спецыяльных службаў», гаворыцца ў паведамленні на профілі Facebook школы.
Ілюстрацыйнае фотаhttps://www.facebook.com/onlineplatforma

Закрыццё курсаў - гэта акт палітычных рэпрэсій. Лукашэнкаўскія сілавікі на самым пачатку візіту заявілі, што ў школы «вельмі шмат парушэнняў», маюцца ананімныя скаргі, а за статут школы «можна ўсіх пасадзіць надоўга».

Прама на месцы »сілавікі« запатрабавалі, каб школа неадкладна спыніла рэкламу, закрыла офіс і спыніла заняткі і самастойна ліквідавалася.

Уладальнікі ў такіх умовах прынялі цяжкае рашэнне закрыць школу. Пры гэтым групы, якія вучацца на дадзены момант, завершаць навучанне ў анлайн-фармаце. У школе запэўніваюць, што не будзе ўцечкі асабістых звестак вучняў, - завяршэннем навучання будзе займацца польскае аддзяленне.

Два тыдні таму лукашысты ўжо заяўлялі аб затрыманні некалькіх работнікаў розных курсаў польскай мовы. Тады былі затрыманыя дырэктары, супрацоўнікі і выкладчыкі, некаторых з іх прымусілі запісаць «пакаяныя відэа».

Блізкі да «ГУБАЗіку» Тэлеграм канал пачаў пагражаць усім, хто праходзіў падрыхтоўку да здачы іспыту на Карту паляка, назваўшы іх «будучымі здраднікамі».

юл