Беларуская Служба

Завочную «справу ByPol» пачнуць разглядаць у Мінску 22 студзеня

08.01.2024 09:03
Былога кіраўніка ініцыятывы могуць асудзіць на смяротную кару.
.
.фота: BYPOL

22 студзеня ў Беларусі завочна пачнуць разглядаць справу ByPol, вынікае з раскладу на сайце Вярхоўнага суду - піша «Свабода».

Судзіць збіраюцца цяперашніх і ранейшых удзельнікаў ініцыятывы былых сілавікоў ByPol Аляксандра Азарава, Уладзімера Жыгара, Мацвея Купрэйчыка, Ігара Лобана, Андрэя Астаповіча, Алега Талерчыка. Справу расследавалі ў парадку спецвядзення.

Усіх фігурантаў абвінавачваюць у «распальванні сацыяльнай варожасці», «змове з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання».

Найбольшая колькасць артыкулаў выставілі Аляксандру Азараву, адзін з іх можа пагражаць смяротным пакараннем.

Паводле ведамства, дзейнасць аб’яднання, прызнанага экстрэмісцкім фармаваннем, «вялася шляхам правядзення прапагандысцкай працы сярод пратэставай часткі насельніцтва і кансалідацыі гэтых асоб, выпрацоўкі мер ціску на сістэму дзяржаўнага кіравання, аказання фізічнага і псіхалагічнага ўздзеяння на прадстаўнікоў дзейнай улады праз размяшчэнне ў адкрытым доступе ў інтэрнэце іх асабістых звестак, а таксама звестак іх сямейнікаў, у тым ліку малалетніх і непаўналетніх дзяцей».

У наглядным ведамстве лічаць, што некаторыя ўдзельнікі ByPol распрацавалі «адмысловую аперацыю Мабілізацыйны план «Перамога«», а таксама «паўторна выступілі стваральнікамі і кіраўнікамі фармаваньняў «Аб’яднаны пераходны кабінет« і «Паспалітае рушэнне«, пазней таксама прызнаных экстрэмісцкімі.

Спецвядзенне ў справе распачалі 8 верасня 2023 году.

У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі ўнутранага канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляванне пры дапамозе АПК. Пасля перамоваў бакоў з удзелам Святланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднанне BelPol.

Апошняе стала праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасцяў і інструментаў» першапачатковай арганізацыі. У сваю чаргу, фонд, які ўзначальвае Аляксандр Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і план «Перамога».

6 жніўня Ціханоўская вызваліла Азарава ад пасады прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў аднаўленні правапарадку. Кандыдатуру Азарава не ўхваліла Каардынацыйная рада пасля шэрагу спрэчак. Але былы сілавік працягвае каардынацыю плану «Перамога« у супрацы з кабінетам.

Працэс «спецыяльнага вядзення» уведзены да тых палітычных апанентаў рэжыму, хто знаходзіцца за мяжой. Ён прадугледжвае завочны суд. Менавіта гэткім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Святлану Ціханоўскую (15 гадоў калоніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму).

Сярод асуджаных завочна таксама алімпійская медалістка Аляксандра Герасіменя.

нг