Беларуская Служба

Чатыры шатландскія міністры сталі «хроснымі» палітвязняў у Беларусі

04.04.2024 08:15
«Мы спадзяемся прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі», - заявіў адзін з іх.
 ,  ,
Крысціна Маккелві, Ангус Робертсан, Ніл Грэй і Эма Родзікspring96.org

У межах кампаніі салідарнасці #Westandbyou чацвёра шатландскіх дэпутатаў ад Шатландскай нацыянальнай партыі Крысціна Маккелві, Ангус Робертсан, Ніл Грэй і Эма Родзік сталі «хроснымі» Наталлі Дулінай, Эдуарда Бабарыкі, Сяргея Вайцюка і Вольгі Церах, паведамляе «Вясна».

Крысціна Маккелві (міністарка па наркапалітыцы і барацьбе з алкагалізмам) падтрымлівае Наталлю Дуліну, былую дацэнтку Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, што была асуджаная да 3,5 годa турэмнага зняволення. Наталля брала ўдзел у акцыях пратэсту і падтрымлівала студэнцкія страйкі. Ёй былі прад'яўленыя абвінавачванні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4) і «парушэнні грамадскага парадку» (арт. 342).

Ангус Робертсан (сакратар Кабінета міністраў па Канстытуцыі, знешніх сувязях і культуры) падтрымлівае Эдуарда Бабарыку, які быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі за тое, што ўзначальваў перадвыбарчую каманду бацькі на прэзідэнцкіх выбарах. Эдуарду былі прад'яўленыя абвінавачванні ў «распальванні нянавісці» (артыкул 130) і «парушэнні грамадскага парадку» (артыкул 342).

Ніл Грэй (сакратар Кабінета міністраў па пытаннях нацыянальнай сістэмы аховы здароўя і сацыяльнага забеспячэння) падтрымлівае Сяргея Вайцюка, які быў асуджаны да 2,5 годa турэмнага зняволення за падтрымку ўкраінскага супраціву пасля ўварвання Расіі ў 2022 годзе. Сяргею было прад'яўленае абвінавачванне ва «ўдзеле ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы» (артыкул 361-3).

Эма Родзік (міністарка ў пытаннях раўнапраўя, міграцыі і ўцекачоў) падтрымлівае Вольгу Церах, што была асуджаная да 5 гадоў турэмнага зняволення за вывешванне ўкраінскіх і беларускіх нацыянальных сцягоў на шматпавярховым будынку ў Мiнску. Вольга была падпісаная на канал, дзе абмяркоўваліся антываенныя акцыі. Пасля яе арышту гэты канал быў абвешчаны «экстрэмісцкім утварэннем», а Вользе былі прад'яўленыя абвінавачванні ў «стварэнні экстрэмісцкім утварэнні або ўдзеле ў ім» (артыкул 361-1) і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 361-4).

Ангус Робертсан пракаментаваў рашэнне чатырох новых дэпутатаў стаць «хроснымі»:

«Шатландскі ўрад падтрымлівае тых, хто пакутуе ад несправядлівасці, і мы будзем выкарыстоўваць нашу платформу для прасоўвання пераменаў. Беручы ўдзел у праграме «хросных» Libereco, мы спадзяемся прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і мы аднадушныя з тымі, хто імкнецца да сумленнасці, роўнасці і правасуддзя».

аз

Дэпутаты з Польшчы, Германіі і Нарвегіі сталі «хроснымі» беларускіх палітвязняў

04.11.2023 09:01
Палітыкі сталі «хроснымі» Анастасіі Ганчарэвіч, Вікторыі Кульшы і Тамары Каравай.