Беларуская Служба

У кватэрах кандыдатаў у КС ад кааліцыі Латушкі і іх сваякоў у Беларусі прайшлі ператрусы

24.05.2024 07:15
Па месцы рэгістрацыі кандыдатаў у Каардынацыйную раду ад кааліцыі Паўла Латушкі ў Беларусі прайшлі ператрусы.
   .  .
Сілавікі ўрываюцца ў кватэру. Ілюстрацыйная выява.Foto: screenshot

Масавыя вобшукі ў кватэрах сябраў выбарчага камітэта «Каманда Латушкі і Рух «За свабоду», які прымае ўдзел на выбарах у Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў Беларусі, і іх сваякоў, адбыліся 23 траўня. У кватэры прыходзілі супрацоўнікі КДБ, каб праводзіць вобшукі і арыштоўваць маёмасць. 

Вядома мінімум пра 12 такіх выпадкаў.

Як паведамлялася 21 траўня, Следчы камітэт узбудзіў крымінальныя справы супраць усіх удзельнікаў выбараў у КС. Ім пагражаюць адабраннем маёмасці.

Фігурантамі зʼяўляюцца 257 чалавек, іх абвінавачваюць паводле арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады), 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару), 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання) і 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.

Выбары ў Каардынацыйную раду пачнуцца 25 траўня і працягнуцца тры дні – да 23:59 27 траўня. Першае паседжанне КС трэцяга склікання чакаецца 15 чэрвеня.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі прызнаў усе 12 кааліцый кандыдатаў на выбары ў трэці склад Каардынацыйнай рады «экстрэмісцкімі фармаваннямі».

Кааліцыя «Каманда Латушкі і Рух «За свабоду» на выбарах у КС паведамляла пра затрыманні блізкіх у Беларусі 20 траўня.

У межах крымінальнай справы, узбуджанай раней у дачыненні да палітэмігрантаў за святкаванне 25 сакавіка за мяжой Дня Волі, у Беларусі па месцы іх жыхарства працягваюцца ператрусы. У эфіры тэлеканала АНТ напярэдадні агучаная інфармацыя аб накладанні арышту на кватэру Яны Латушкі – дачкі Паўла Латушкі.

Яна таксама вылучаецца ў КС па гэтым спісе.

Аб арышце прыналежнай ёй нерухомасці ў Менску ўпершыню паведамлялася больш за два гады таму.

Паводле «Позірк»/вх