Беларуская Служба

У Мінск прыбыў новы міністр абароны Расіі Андрэй Белавусаў

24.05.2024 13:52
Запланаваны іх «сумесны ўдзел у мерапрыемствах па плане» сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
.   .
А. Лукашэнка чакае У.ПуцінаPAP/EPA/MIKHAIL METZEL / SPUTNIK / KREMLIN POOL

У Мінск 24 мая прыляцеў новы міністр абароны Расіі Андрэй Белавусаў. Ён сустрэнецца з беларускім калегам Віктарам Хрэніным, таксама запланаваны іх «сумесны ўдзел у мерапрыемствах па плане» сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін асабіста сустрэў расійскага калегу ў аэрапорце, яны правядуць рабочую сустрэчу ў Мінску, паведамілі ў Мінабароны. «На парадку дня – пытанні двухбаковага ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва», – дадалі ў ведамстве.

Начальнік Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Мінабароны Валерый Равенка паведаміў, што міністры абароны дзвюх краін прымуць «сумесны ўдзел у мерапрыемствах па плане» сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

Як піша тэлеграм-канал «МатолькоДапамажы», у Мінск таксама ляціць кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў, акрамя таго, у Беларусі знаходзіцца гендырэктар «Расатама» Аляксей Ліхачоў.
Нагадаем, напярэдадні ў Мінск прыляцеў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, у якога на пятніцу запланаваны перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Лукашэнка заявіў, што найперш яны з Пуціным абмяркуюць пытанні бяспекі, а эканамічную тэматыку разгледзяць з удзелам членаў урадаў. У сваю чаргу Уладзімір Пуцін паабяцаў «вялікі парадак дня» і пацвердзіў планы абмеркаваць з Лукашэнкам сумесныя вучэнні з тактычнай ядзернай зброяй.

Афіцыйныя перамовы Лукашэнкі і Пуціна пройдуць 24 траўня ў Палацы незалежнасці спачатку ў вузкім, а потым у пашыраным складах.

ав/zerkalo.io