Беларуская Служба

Human Rights Watch апублікавала даклад аб «беспрэцэдэнтных рэпрэсіях» супраць беларускіх адвакатаў

27.05.2024 13:03
«Упершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі адвакаты самі сталі палітвязнямі за сваю працу ў інтарэсах кліентаў».
ІлюстрацыяInactive_account_ID_249/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міжнародная арганізацыя Human Rights Watch апублікавала даклад аб рэпрэсіях супраць беларускіх адвакатаў. Ён ахоплівае перыяд з 2020 году, паведамляе «Свабода».

«Хаця рэпрэсіі ўраду ў дачыненні да адвакатаў падчас палітычных хваляванняў у Беларусі не зʼяўляюцца нечым новым, маштаб і жорсткасць гэтай хвалі рэпрэсій беспрэцэдэнтныя. Упершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі адвакаты самі сталі палітвязнямі за сваю працу ў інтарэсах кліентаў», – гаворыцца ў дакладзе «Палітычна матываваныя рэпрэсіі супраць адвакатаў-праваабаронцаў у Беларусі».

Арганізацыя сярод іншага адзначае, што больш за 140 беларускіх адвакатаў былі пазбаўленыя свайго статусу з палітычных прычынаў.

Human Rights Watch заклікала беларускія ўлады спыніць усе пераследы і ўмяшанне ў дзейнасць адвакатаў, асабліва тых, хто прадстаўляе кліентаў у палітычна матываваных справах і ажыццяўляе сваю свабоду выказвання думак у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

Даклад змяшчае рэкамендацыі забяспечыць выкананне ўсімі судамі стандартаў справядлівага судовага разбору, прывесці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі для забеспячэння незалежнасці і самакіравання юрыдычнай прафесіі ў Беларусі, аднавіць ліцэнзіі адвакатаў, якія пазбавіліся іх «у выніку выканання сваіх прафесійных абавязкаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі за ажыццяўленне свабоды выказвання думак», абмежаваць паўнамоцтвы Міністэрства юстыцыі ўмешвацца ў незалежнасць адвакатуры.

Арганізацыя таксама заклікала Беларускую рэспубліканскую калегію адвакатаў і абласныя калегіі пакласці канец пераследу адвакатаў, адмяніць унутраныя правілы, якія падрываюць бесперашкоднае наданне юрыдычнай дапамогі, прыняць меры для актыўнай абароны інтарэсаў адвакатаў, абараніць права абвінавачаных на эфектыўную абарону, незалежна ад выстаўленых абвінавачанняў і г.д.

Дзяржавам – сябрам ААН, Рады Еўропы, АБСЕ і Еўрасаюзa арганізацыя прапануе ўстрымацца ад любога супрацоўніцтва з Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў і рэгіянальнымі калегіямі адвакатаў да таго часу, пакуль яны не стануць самастойнымі органамі самакіравання, якія прадстаўляюць інтарэсы беларускіх адвакатаў.

Прапануецца разгледзець магчымасць увядзення адрасных санкцый супраць чыноўнікаў Міністэрства юстыцыі і кіраўніцтва калегіі адвакатаў, прызнаць Беларускую асацыяцыю юрыстаў-праваабаронцаў ключавой незалежнай арганізацыяй беларускіх юрыстаў і падтрымаць яе намаганні ў прасоўванні і абароне правоў чалавека адвакатаў, пазбаўленых права займацца сваёй прафесіяй.

аз