Беларуская Служба

Прадпрымальніка, якога затрымалі па вяртанні з-за мяжы, асудзілі да 9 гадоў калоніі за данаты

28.05.2024 10:53
Яго асудзілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса за ахвяраванні розным беларускім ініцыятывам. 
Артур Ролічфота: Вясна

У Мінскім гарадскім судзе 20 траўня агучылі прысуд 39-гадоваму прадпрымальніку Артуру Ролічу – дзевяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведамляе Вясна. Яго асудзілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса за ахвяраванні розным беларускім ініцыятывам. Прысуд вынес Сяргей Кацэр.

У 2013-м мужчына адкрыў уласны бізнес – краму Grandbazaare, у якой прадаваў брэндавае адзенне і абутак. А з 2023-га Роліч перавёў старонкі свайго бізнесу на беларускую мову.

Апошняе паведамленне ў суполцы ягонага бізнесу датуецца 27 ліпеня 2023-га года. Тады ён расказаў, што «з'язжае ў адпачынак, але вернецца 15 жніўня». Імаверна, па вяртанні з адпачынку Артур быў затрыманы, піша «Наша Ніва».

У выніку Артура асудзілі паводле пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 і 2 арт. 290-1 (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 1 і 2 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 361-2 КК (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання), які дзейнічаў да мая 2021-га.

ав/Вясна