Беларуская Служба

Беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч трапіў у шорт-ліст прэстыжнай міжнароднай прэміі

29.05.2024 08:10
Цырымонія ўручэння прэміі Міжнароднай асацыяцыі выдаўцоў – Prix Voltaire 2024, адбудзецца ў снежні 2024 года.
 .
Андрэй Янушкевіч.Radyjo.net

Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў (IPA) абвясціла шорт-ліст прэміі Prix Voltaire 2024 у гонар выключнай мужнасці ў адстойванні свабоды кнігавыдання. У яго трапіў беларускі кнігавыдавец Андрэй Янушкевіч, паведамляе «Свабода».

«Выдавецтва Янушкевіча кідае выклік ціску на свабоду кнігавыдання ў Беларусі, дзе выдаўцы сутыкаюцца з пераследам, штрафамі і арыштамі. Дырэктар Андрэй Янушкевіч сутыкнуўся з адвольнымі затрыманнямі, канфіскацыяй кніг і прызнаннем выдадзеных ім кніг «экстрэмісцкімі«. У 2023 годзе ён быў вымушаны ўцячы ў Польшчу, дзе працягнуў выдавецкую дзейнасць і адкрыў кнігарню ў Варшаве», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Сёлета ў шорт-ліст прэміі ўвайшлі пяць чалавек і арганізацый, якія прадэманстравалі стойкасць і адвагу перад абліччам цэнзуры і прыгнёту, гаворыцца ў прэс-рэлізе на сайце прэміі.

Разам з Андрэем Янушкевічам у шорт-ліст прэміі трапілі:

- турэцкі выдавец Асман Кавала. Займаўся прасоўваннем культурнага абмену, правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў у сваёй краіне. Затрыманы ў 2017-м і ў 2022 годзе асуджаны на пажыццёвае зняволенне паводле абвінавачанняў, якія многія лічаць палітычна матываванымі.
- сербскі радыёрэжысёр, драматург, паэт, празаік, кампазітар і выдавец Душан Гойкаў. У 1994 годзе заснаваў «Балканскі літаратурны веснік». Абаронца свабоды слова, выступае за бяспеку аўтараў, якія знаходзяцца пад пагрозай, і іх вываз у бяспечнае месца.
- расійскі выдавец Асламбек Ежаеў. Выдае перакладную ісламскую літаратуру. Быў арыштаваны ў красавіку 2021 году па «абвінавачанні ў фінансаванні ісламскіх тэрарыстаў» і ў лютым 2023 году асуджаны на 17 гадоў зняволення.
- палестынскі выдавец Самір Мансур. Ягоныя кнігарня і выдавецтва больш за 20 гадоў былі найважнейшай часткай мясцовай супольнасці ў Газе, выдаючы палестынскіх аўтараў і захоўваючы тысячы кніг на розных мовах. Разбураная ў 2021 годзе, адноўленая ў 2023-м, кнігарня зноў была пашкоджаная ў вайне паміж Ізраілем і ХАМАС.

«Сёлетні шорт-ліст паказвае, наколькі важныя выдаўцы для гарантавання свабоды выказвання. Мы дзякуем ім усім за іх адвагу», – адзначыла старшыня Камітэту IPA па свабодзе кнігавыдання Крыстэн Эйнарсан.

Цырымонія ўручэння прэміі адбудзецца ў снежні 2024 года.

Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў (IPA) заснаваная ў 1896 годзе. Яе місіяй – спрыяць кнігавыданню, абараняць яго і павышаць абазнанасць пра выдавецкую дзейнасць. Ва ўсім свеце IPA актыўна змагаецца супраць цэнзуры і спрыяе захаванню аўтарскіх правоў, пісьменнасці і свабоды друку. Гэта прафесійная асацыяцыя праваабарончага кірунку. У Асацыяцыю ўваходзяць 60 арганізацый больш як з 50 краінаў. Цэнтральны офіс месціцца ў Жэневе.

аз