Беларуская Служба

Улады загаварылі пра вяртанне тых, хто з'ехаў, каб залатаць дзіркі на рынку працы. Сітуацыя пагаршаецца з кожным днём

30.05.2024 11:42
 З 2020 па 2023 год краіна страціла 167,4 тысячы занятых у эканоміцы.
Здымак мае ілюстрацыйны характарgeralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

У Мінэканомікі Беларусі выступілі з прапановамі наконт таго, як палепшыць сітуацыю з дэфіцытам працаўнікоў. У ведамстве лічаць, што адзін са спосабаў – вяртаць беларусаў, якія мігравалі. Пра праблемы на рынку працы чыноўнікі публічна актыўна гавораць апошнія два месяцы. З чым звязаная такая ўвага да тэмы? Для гэтага дастаткова паглядзець на адну лічбу – агульную колькасць вакансій. Так, пастаўлены чарговы гістарычны антырэкорд – такога дэфіцыту кадраў у краіне яшчэ не было – піша Zerkalo.io.

Нагадаем, намесніца міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч падчас круглага стала ў газеце «Рэспубліка» падняла пытанне абвастрэння дэфіцыту людзей на рынку працы. У прыватнасці, намесніца кіраўніка ведамства падкрэсліла, што ў першую чаргу Беларусі варта не прыцягваць замежных грамадзян у якасці працоўных рэсурсаў, а ўтрымліваць свае кадры. А яшчэ лепш – вяртаць суграмадзян, якія мігравалі.

– Нашыя людзі адукаваныя, працавітыя, талерантныя, законапаслухмяныя і акуратныя. І нашыя еўрапейскія суседзі не асабліва хочуць бачыць у сябе гасцей з Афрыкі ці Блізкага Усходу, але шырока раскрываюць дзверы для беларусаў, – казала намесніца міністра эканомікі.

На 29 траўня ў цэлым па краіне не хапала 153 902 працаўнікоў. Гэта чарговы антырэкорд. Для параўнання: на 27 траўня было крыху больш за 152 тысячы вакансій для спецыялістаў і рабочых, а на 26 сакавіка – 141 тысяча.

Цяпер 67,6 тысячы прапановаў ад наймальнікаў – на заробак да 1000 рублёў. Прычым наймальнікі, як правіла, у абвестках падаюць сумы да выплаты падаткаў. Па 8768 вакансіях гатовыя плаціць ад 2000 рублёў.

Тым часам у красавіку зноў скарацілася колькасць занятых у эканоміцы, вынікае са звестак Белстата. Гэты паказчык раней вырас у сакавіку і лютым, а да гэтага – падаў тры месяцы запар.

Нагадаем, раней эксперты адзначалі, што адна з асноўных прычын дэфіцыту работнікаў – міграцыя насельніцтва, у тым ліку з палітычных прычын.

У Беларусі працягвае расці дэфіцыт работнікаў. З 2020 па 2023 год краіна страціла 167,4 тысячы занятых у эканоміцы. На гэты працэс уплывае не толькі дэмаграфічная сітуацыя, але таксама хваля міграцыі, якая пачалася ў выніку рэпрэсій пасля выбараў 2020-га і ўзмацнілася пасля пачатку вайны ва Украіне.

нг