Беларуская Служба

Варшава ўвяла санкцыі ў дачыненні да яшчэ аднаго буйнога беларускага вытворцы

03.06.2024 11:08
На фоне чарговай эскалацыі на мяжы такі лёс напаткаў «Мазырсоль».
.
.Marek/Pixabay.com/CC0

Чым большы градус напружання на беларуска-польскай мяжы, тым больш кампаній з капіталамі з Беларусі або звязаных з ёй аказваецца ў «асабістым» санкцыйным спісе Варшавы. У канцы траўня, як даведаўся партал «Беларусы і рынак», на фоне чарговай эскалацыі на мяжы такі лёс напаткаў «Мазырсоль».

Рашэнне аб замарожванні актываў і выключэнні аднаго з найбуйнейшых у Еўропе вытворцаў харчовай солі з дзяржаўных закупак прыняў кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк.

Як гаворыцца ў абгрунтаванні, «Мазырсоль» уваходзіць у склад Беларускага дзяржаўнага канцэрна «Белдзяржхарчпрам», які з'яўляецца арганізацыяй, падведамнай Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь. «Падвяржэнне санкцыям ААТ «Мазырсоль» знізіць экспартныя магчымасці кампаніі, а значыць, паўплывае на абʼём сродкаў, якія пералічваюцца ў беларускі бюджэт», – гаворыцца ў дакуменце.

У канцы 2023 года з ініцыятывай увесці санкцыі ў дачыненні да беларускіх вытворцаў кухоннай солі (акрамя «Мазырсолі» яе выпускае «Беларуськалій») выступілі галіновая некамерцыйная арганізацыя «Польская соль» і польская кампанія Ciech. У прыватнасці, яны ўказвалі на тое, што Польшча стала мастком для транзіту беларускага прадукта пакупнікам у іншых краінах рэгіёна. І што кампаніі з Беларусі складаюць сурʼёзную канкурэнцыю польскім вытворцам. У 2021 годзе, паводле звестак польскага выдання Puls Biznesu, на рынак ЕС паступіла кухоннай соль з Беларусі на 22 млн еўра. У тым ліку, у Польшчу было завезена прадукцыі на каля 5 млн еўра. У 2022 годзе абʼёмы экспарту солі з Беларусі ў ЕС упалі да 10 млн еўра, але заставаліся дастаткова важкімі.

Для Томаша Семоняка, прызначанага міністрам у сярэдзіне траўня, «Мазырсоль» стала першай беларускай кампаній у санкцыйным спісе. Прапанову мясцовых вытворцаў ён падтрымаў на фоне чарговага вітка эскалацыі на беларуска-польскай мяжы. Яе на працягу мая актыўна штурмавалі мігранты, параніўшы некалькі польскіх пагранічнікаў.

ав/Беларусы і рынак