Беларуская Служба

З 3 чэрвеня запрацавалі новыя санкцыі, якія Вільня ўвяла супраць Мінска і Масквы

03.06.2024 15:45
У спісе забароненай прадукцыі з Беларусі і Расіі аказалася больш за 2 800 пазіцый, гэта тавары 24 груп.
Сцяг Літвыjorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

З 3 чэрвеня ўрад Літвы ўвёў новы пералік тавараў, якія забаронена імпартаваць з Беларусі і Расіі.
У спісе забароненай прадукцыі з Беларусі і Расіі аказалася больш за 2 800 пазіцый, гэта тавары 24 груп, сярод іх – жывыя жывёлы, мяса і субпрадукты, рыба, малако і прадукты з яго, яйкі, натуральны мёд, расліны, гародніна, садавіна, кава, збожжавыя, крупы, алей, напоі, тытунёвыя вырабы і іншыя.

Урад Літвы прычынай такога рашэння назваў магчымую шкоду літоўскім вытворцам, бо ў краіне няма альтэрнатывы гэтаму імпарту.

На сайце літоўскай мытні можна пазнаёміцца з больш падрабязным спісам забароненых для ўвозу ў краіну тавараў.

«Пастановай урада забаронены ўвоз названай прадукцыі з Расіі і Беларусі, аднак яе транзіт праз тэрыторыю Літвы не забаронены», – паведамляе літоўская мытня. Пры гэтым не гаворыцца, датычыць гэтае абмежаванне толькі юрыдычных асоб або таксама фізічных.

Як паведамляе «Люстэрка», праз гэтыя санкцыі на літоўскай мяжы перапалох – людзі паведамляюць, што ў літоўскіх пунктах пропуску ім прапануюць выкідваць прадукты, напоі, цыгарэты і іншыя тавары (нават тыя, якіх няма ў абмежавальным спісе).

Нагадаем, напярэдадні Мінск пашырыў абмежаванні для імпарту тавараў з некаторых «недружалюбных» краін. Гэта закранула ў тым ліку чэшскае і эстонскае піва і сталовы посуд з балтыйскіх краін і Польшчы. Пры гэтым мінералку нельга будзе ўвозіць ні з адной з «недружалюбных» дзяржаваў. Абмежаванні запрацавалі таксама з 3 чэрвеня.

аз

Беларусь забараніла ўвоз шэрагу тавараў з Польшчы, Чэхіі і краінаў Балтыі

22.05.2024 08:45
Улады Беларусі з 1 студзеня 2022 года ў адказ на заходнія санкцыі ўвялі забарону на імпарт з «недружалюбных краін».