Беларуская Служба

Былыя палітвязні анансавалі адкрыццё свайго закрытага бару «Банки-бутылки» на новым месцы

05.06.2024 13:20
«Новае месца. Новая гісторыя. Тая самая старая любоў»
 .        -
Архіўнае фота. Андрэй і Марыя Жукі ў мінскім бары «Банки-бутылки».

Мінскі бар «Банки-бутылки» трапіў пад увагу сілавікоў пасля канцэрту ў жніўні 2022 году, на якім спявачка Мэрыем Герасіменка выканала песню гурту «Океан Эльзи». Пасля гэтага затрымалі і асудзілі яе і ўладальнікаў бару Андрэя і Марыю Жукоў. Цяпер стала вядома, што бар зноў адкрыюць, але ў Варшаве, заўважыла «Наша ніва».

«Разам зь першаадкрывальнікамі і ідэйнымі натхняльнікамі Марыя і Андрэем Жукамі, сьмелай Мэрыем Герасіменка, парай непублічных, а значыць добрых людзей і крутой камандай мы адкрываем легендарныя «Банки-Бутылки» ў Варшаве. А дакладней так: мы адраджаем той самы мінскі бар», – паведаміў у сваім інстаграме адвакат Ілля Салей, які стаў адным з партнераў у справе перазапуску бару.

Цяпер бар будзе называцца па-ангельску Buns&Bottles, ён запрацуе ўжо ў гэтым месяцы. Каманда запрашае падпісвацца на іхны інстаграм, каб не прапусціць анонс дакладнай даты адкрыцця.

«Новае месца. Новая гісторыя. Тая самая старая любоў», – напісалі на старой старонцы ў Instagram стваральнікі мінскага бару «Банки-Бутылки».

ав/Свабода