Беларуская Служба

Дзякуючы абмежаванням на мяжы з Беларуссю абʼём кантрабанды цыгарэт у Літву сёлета скараціўся амаль удвая

08.06.2024 13:10
Тым не менш, паводле ацэнкі літоўскай памежнай службы, рызыка кантрабанды і незаконнай перавозкі тавараў у Літву застаецца высокай.
Ілюстрацыяgeralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

З пачатку 2024 года аб’ём кантрабанды цыгарэт, перахопленых літоўскімі памежнікамі, зменшыўся амаль удвая, але рызыка незаконнай перавозкі тавараў у Літву застаецца высокай, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

«Са студзеня па травень гэтага года памежнікі перахапілі больш за 587 тысяч пачкаў цыгарэт. У 2023 годзе за той жа перыяд гэты паказчык склаў больш за 1,1 млн пачкаў цыгарэт», – удакладняе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

У паведамленні падкрэсліваецца, што зніжэнне паказчыкаў адбылося ў асноўным дзякуючы ўстаноўцы агароджы і сістэмаў назірання на мяжы з Беларуссю, а таксама закрыццю часткі пунктаў пропуску.
Тым не менш, паводле ацэнкі літоўскай памежнай службы, рызыка кантрабанды і незаконнай перавозкі тавараў у Літву застаецца высокай.

Пасля ўсталявання на мяжы з Беларуссю фізічнага бар’ера «кантрабандысты ўсё часцей спрабуюць пераправіць кантрабандныя цыгарэты з Беларусі па паветры», адзначае ведамства. Для гэтага яны выкарыстоўваюць грузавыя беспілотнікі і метэазонды.

«Агулам у 2024 годзе памежнікі перахапілі 184 тысяч пачкаў цыгарэт, перапраўленых па паветры», – гаворыцца ў паведамленні.

Яшчэ адзін папулярны спосаб перапраўкі кантрабанды з Беларусі – па рэках Нёман і Нерыс, паведамляе ведамства. «У 2024 годзе выяўлена 20 такіх выпадкаў (за аналагічны перыяд мінулага году – 24). Такім спосабам сёлета спрабавалі пераправіць амаль 26 тысяч пачкаў цыгарэт», – адзначае ведамства.

«Свабода» нагадвае, што ў лютым 2023 году літоўскі бок прыпыніў працу чыгуначнага кантрольна-прапускнога пункту Стасілас-Беняконі «ў мэтах спынення кантрабанды па чыгунцы з Беларусі». З тых часоў «грузавыя цягнікі з Беларусі праходзяць толькі праз КПП Кяна-Гудагай, дзе ўсталяваная сістэма рэнтгенаўскага кантролю.

Закрыццё 18 жніўня 2023 году пунктаў пропуску Шумск-Лоша і Цьверач- Відзы на беларуска-літоўскай мяжы, а з 1 сакавіка 2024-га Лаварышкі- Катлоўка і Райгорад- Прывалка таксама пацягнула за сабой перанакіраванне аўтатранспарту на абсталяваныя рэнтгенаўскімі ўстаноўкамі памежныя пераходы, што, паводле Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, таксама прывяло да «значнага скарачэння колькасці кантрабандных цыгарэт, перахопленых памежнікамі».

аз