Беларуская Служба

Прэмʼер-міністр Арменіі заявіў, што не паедзе ў Беларусь, пакуль там ва ўладзе Лукашэнка

13.06.2024 13:08
Прэмʼер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што ні ён, ні любы іншы прадстаўнік уладаў яго краіны не наведае Беларусь, пакуль там ва ўладзе Аляксандр Лукашэнка, паведамляе Reuters.
   .
Прэм'ер Арменіі Н. Пашынян Фота: Asatur Yesayants / Shutterstock.com

На думку Пашыняна, заява Лукашэнкі 17 траўня на сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым сведчыць аб тым, што беларускі дыктатар ведаў аб планах Азербайджана напасці на Нагорны Карабах, населены армянамі.

Лукашэнка, якога цытуюць азербайджанскія СМІ, сказаў тады Аліеву: «Я ўспомніў нашу размову перад вайной, перад вашай вызваленчай вайной, калі мы ўдваіх за вячэрай вялі філасофскія разважанні. Тады мы прыйшлі да высновы, што вайну можна выйграць. Гэта важна. Вельмі важна захаваць гэтую перамогу».

Пашынян абвясціў у сераду, што Арменія выходзіць з падкантрольнай Расіі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), абвінаваціўшы яе членаў, у тым ліку Беларусь, у планаванні вайны з Азербайджанам супраць яго краіны.

Ён адзначыў, што разгледзіць магчымасць змяніць сваю пазіцыю ў гэтым пытанні, калі Беларусь выйдзе з АДКБ або прынясе прабачэнні Арменіі так, каб яго суайчыннікі задаволілі.

Пасол Арменіі ў Беларусі Размік Хумаран выкліканы ў Ерэван для кансультацый. Пра гэта на старонцы ў Facebook паведаміла прэс-сакратарка МЗС Ані Бадалян.

Беларусь таксама адклікае з Ерэвана пасла Аляксандра Канюка.

Арменія на працягу некалькіх месяцаў спрабуе наладзіць больш цесныя сувязі з Захадам на фоне напружанасці ў адносінах са сваім традыцыйным саюзнікам, Расіяй. Ерэван, у прыватнасці, абвінавачвае Маскву ў адсутнасці падтрымкі ў супрацьстаянні з Баку, у тым ліку падчас наступу Азербайджана на сепаратысцкі Нагорны Карабах восенню 2023 года. Расійскія міратворчыя войскі заставаліся пасіўнымі ў гэтым канфлікце, які скончыўся перамогай Азербайджана, ліквідацыяй незалежнасці Нагорнага Карабаха і ўцёкамі армянскага насельніцтва.

Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы – гэта альянс, створаны ў 1992 годзе ў сталіцы Узбекістана Ташкенце. У цяперашні час у яго ўваходзяць: Расія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Арменія і Таджыкістан. Раней членамі таксама былі Узбекістан, Азербайджан і Грузія.

PAP/вх