Беларуская Служба

Сербія вырашыла выдаць рэжысёра Андрэя Гнёта ў Беларусь

13.06.2024 16:27
Вышэйшы суд Сербіі прыняў рашэнне аб экстрадыцыі ў Беларусь рэжысёра, журналіста і заснавальніка Свабоднага абʼяднання спартсменаў Андрэя Гнёта.
 .
Андрэй Гнёт. Скрышот відэа тэлеканала «Беларусь 1»

Як паведаміў zerkalo.io сам актывіст, суд не знайшоў падставаў, якія перашкаджаюць ягонай выдачы.

У рашэнні Вышэйшага суда Сербіі гаворыцца, што Андрэй Гнёт павінен быць выдадзены «органам правасуддзя Беларусі за здзяйсненне крымінальнага злачынства па справе аб укрыванні падаткаў і наўмысным заніжэнні выплачаных падаткаў, уключаючы ўнясенне ў падатковую дэкларацыю загадзя ілжывых дадзеных, што прывяло да шкоды ў асабліва буйных памерах паводле ч. 2 арт. 243 КК Рэспублікі Беларусь».

Падставай для выдачы ў рашэнні суда названы міждзяржаўнае пагадненне паміж Сербіяй і Беларуссю ад 3 студзеня 2019 года і Закон аб міжнароднай прававой дапамозе па крымінальных справах.

Па словах Андрэя Гнёта, суд не знайшоў падставаў, якія перашкаджаюць ягонай экстрадыцыі ў Беларусь.

– Яны хочуць мяне экстрадаваць, не зараз, але гэта вельмі дрэннае рашэнне, – кажа беларус. – На працягу трох дзён мы павінны падаць скаргу ў апеляцыйны суд для таго, каб гэтае рашэнне спыніць. І калі апеляцыйны суд яе прымае, то будзе прызначанае слуханне, каб гэтае рашэнне аспрэчыць.

Андрэй Гнёт кажа, што ён і ягоныя абаронцы ўжо пачалі падрыхтоўку апеляцыйнай скаргі на рашэнне Вышэйшага суда Сербіі. Да моманту яе разгляду і ўступлення рашэння ў законную сілу рэжысёр будзе працягваць знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Справа Андрэя Гнёта

41-гадовы рэжысёр Андрэй Гнёт – рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст. Займаўся вытворчасцю відэапрадукцыі для абʼяднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнана «экстрэмісцкім фармаваннем». У маі 2022 года выйграў конкурс Effie Awards Russia. У 2016-м партал marketing.by паведамляў, што Гнёт зʼяўляецца «адным з самых вядомых і запатрабаваных» беларускіх рэжысёраў, сярод яго кліентаў такія вядомыя айчынныя брэнды, як МТС, Mark Formelle, «Бульбаш», «Аліварыя», «Спартак», «Беллакт», World of Tanks.

Гнёт быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі пасля прылёту ў сталіцу краіны Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі. Прычына затрымання – знаходжанне ў міжнародным вышуку на запыт беларускага бюро Інтэрпола ад 21 верасня 2023 года. Ведамства просіць экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

На радзіме Андрэй Гнёт праходзіць абвінавачаным па ч. 2 арт. 243 КК (Ухіленне ад выплаты падаткаў). Па дадзеных следства, са студзеня 2012 па сакавік 2019-га ён недаплаціў у бюджэт 300 тысяч еўра (каля мільёна рублёў па курсе Нацбанка на 12 сакавіка 2024 года). У пастанове СК ад 8 лістапада 2023-га сказана, што, «дзейнічаючы сумесна з іншай асобай, маючы адзіны намер на ўхіленне ад выплаты сум падатку на прыбытак і ПДВ», каб «мінімізаваць падатковыя адлічэнні» кампаніі «УанФанПартызан», рэжысёр нібыта зарэгістраваў тры ТАА – «Партызан Прадакшн груп», «Пра Фільм Сэрвіс» і «Партызан фільм-сэрвіс».

У судзе мужчына адзначыў, што крымінальную справу распачалі неправамерна. Сам рэжысёр і яго адвакаты лічаць справу палітычнай.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што Інтэрпол заблакаваў дадзеныя Гнёта, пачаўшы праверку падставаў, па якіх беларускія ўлады абвясцілі яго ў вышук. Адвакат рэжысёра настойвае, што падабаронны пераследуецца па палітычных, а не эканамічных матывах, як заяўляюць у Мінску.

12 сакавіка Апеляцыйны суд у Бялградзе адмяніў рашэнне аб экстрадыцыі Гнёта ў Беларусь. Справу адправілі на перагляд.

За час знаходжання ў турме ў беларуса пагоршылася здароўе.

вх

Рэжысёра Андрэя Гнёта, якому пагражае экстрадыцыя ў Беларусь, вызвалілі з сербскай турмы (ВІДЭА)

06.06.2024 15:14
Андрэй Гнёт – беларускі журналіст і рэжысёр, палітычны актывіст.