Беларуская Служба

Беларускія зарплаты: як рэчаіснасць адрозніваецца ад таго, што кажуць па тэлевізары

17.06.2024 18:41
Прыклад аршанскага прадпрыемства паказвае, наколькі жыццё адрозніваецца ад паведамленняў па ТБ.
Беларускі рубельShutterstock.com

У канцы траўня ў службе занятасці аршанскага заводу «Легмаш», які нядаўна наведаў Лукашэнка, вісела каля 60 вакансій. Праз некалькі дзён да іх далучылася столькі ж. На сённяшні дзень адкрыта 122 вакансіі па заводзе. Са 122 вакансій 106 (або 87% ад усяго ліку) – з зарплатай да 1400 рублёў. Самыя нізкія зарплаты ў станочнікаў: фрэзероўшчык – 1150 рублёў, свідравальнік – 1250 рублёў. Самыя ж вялікія прапановы па заработнай плаце для інжынераў (тэхнолагаў, канструктараў, па нармаванні працы) таксама не дацягваюць да агучаных па тэлевізары лічбаў: усяго 1650-1700 рублёў.

Пры гэтым трэба зазначыць, што падчас візіту Лукашэнкі на завод тэлеканал «Беларусь 1» расказваў пра зарплаты на заводзе ў памеры 2500-2800 рублёў. Як бачна, рэчаіснасць выглядае інакш.

Аршанскае прадпрыемства «Легмаш» задзейнічанае ў вытворчасці адмысловых вырабаў у сферы вайскова-прамысловага комплексу, у тым ліку для Расіі.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск