З просьбай падтрымаць заяўку беларускіх дэмакратычных сіл на атрыманне статусу сталага назіральніка ў ААН да прадстаўніцтва Злучаных Штатаў Амерыкі ў гэтай арганізацыі звярнуліся заснавальнікі кокусу «Свабодная Беларусь» у Сенаце ЗША Джын Шахін і Роджэр Уікер.
Сенатары звярнулі ўвагу амерыканскага амбасадара ў ААН Лінды Томас-Грынфілд, што з 1946 года арганізацыя дазваляе бакам, якія не з’яўляюцца яе членамі, удзельнічаць у сесіях і працы Генеральнай Асамблеі. Гэтая практыка, на думку парламентарыяў, «садзейнічае падвышэнню аўтарытэту тых, хто верыць у міжнародны парадак, заснаваны на правілах».
«Ад імя больш як 1.500 палітычных вязняў, якіх аўтарытарны рэжым у Беларусі трымае ў турме, і для таго, каб голас народа Беларусі быў пачуты міжнароднай супольнасцю, мы пераканаўча просім прадстаўніцтва ЗША пры ААН падтрымаць заяўку беларускага дэмакратычнага руху на атрыманне статусу сталага назіральніка», – адзначылі аўтары ліста, які цытуе «Позірк».
Яны звярнулі ўвагу, што пасля сфальсіфікаваных выбараў прэзідэнта 2020 года рэжым Аляксандра Лукашэнкі «імкнецца абмежаваць свабоду слова, арыштаваць дысідэнтаў і лідараў апазіцыі і наладзіць больш шчыльныя стасункі з Расіяй у сферы бяспекі, палітыкі і эканомікі».
Улады Беларусі, падкрэслілі сенатары, спрыялі поўнамаштабнаму ўварванню РФ ва Украіну ў лютым 2022 года, даўшы сваю тэрыторыю для нападу, працягваюць дазваляць РФ перамяшчаць праз сваю тэрыторыю «ўкраінскіх дзяцей, незаконна разлучаных са сваімі сем’ямі».
«Гэтыя погляды і практыка не адпавядаюць імкненню беларускага народа жыць у мірным, дэмакратычным грамадстве», – перакананы яны.
Аўтары дакумента нагадалі, што ЗША прызнаюць Святлану Ціханоўскую «пераможцам прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі і легітымным прадстаўніком беларускага народа»; амерыканскія ўлады «супрацоўнічаюць з яе офісам і тымі, хто супрацьстаіць аўтарытарызму рэжыму Лукашэнкі, каб падтрымаць суверэнную, дэмакратычную будучыню Беларусі».
«Гэтыя абаронцы свабоды заслугоўваюць таго, каб іх пачулі і прызналі ў міжнародных інстытутах, у тым ліку ў ААН, – гаворыцца ў лісце.
Сенатары адзначылі, што Кангрэс працуе над прыняццем Акту аб дэмакратыі, «які пацвярджае прыхільнасць ЗША дэмакратычнай Беларусі», але «неабходна зрабіць больш, каб супрацьстаяць наступу рэжыму Лукашэнкі на асноўныя свабоды».
аз