Беларуская Служба

Актывісты склалі петыцыю ў польскі банк Santander з просьбай не дыскрымінаваць беларусаў

19.06.2024 12:45
Банк запатрабаваў ад беларусаў прадставіць ДНЖ у Польшчы або іншай краіне ЕС, у іншым выпадку абяцае закрыць доступ да інтэрнэт-і мабільнага банкінгу.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Kris/pixabay.com/CC0 Public Domain

Група беларускіх актывістаў з Гданьска склала петыцыю ў польскі банк Santander і Камісію фінансавага нагляду з просьбай не дыскрымінаваць беларусаў, паведамляе Most.

Беларусы вырашылі скласці петыцыю, пасля таго як банк запатрабаваў ад беларускіх кліентаў да 26 чэрвеня прадставіць дазвол на жыхарства ў Польшчы, іншай краіне ЕС, Еўрапейскай эканамічнай зоне ці Швейцарыі. Калі такога дакумента няма або яго тэрмін заканчваецца менш як праз год, кліенту абяцаюць закрыць доступ да інтэрнэт-і мабільнага банкінгу.

На думку беларускіх актывістаў, такія дзеянні парушаюць Канстытуцыю Польшчы. Яны спасылаюцца на пункт 2 артыкула 32, які абвяшчае, што ніхто не можа падвяргацца дыскрымінацыі ў палітычным, сацыяльным або эканамічным жыцці па якой-небудзь прычыне.

«Блакіроўка зʼяўляецца відавочнай дыскрымінацыяй па прынцыпе грамадзянства», – гаворыцца ў петыцыі.

Ейныя аўтары падкрэсліваюць, што беларусы зʼяўляюцца часткай польскай эканомікі: выплачваюць падаткі і робяць сацыяльныя адлічэнні. Але блакіроўка перашкаджае гэтаму.

«[З абмежаваннямі] мы не можам свабодна плаціць арэндную плату, падаткі і рабіць адлічэнні на сацыяльнае страхаванне, ажыццяўляць якія-небудзь пераводы і іншыя плацежныя аперацыі», – сцвярджаюць аўтары петыцыі.

Яны таксама гавораць аб магчымай блакіроўцы рахункаў беларусаў, у выпадку якой беларускія кліенты банка страцяць сродкі да існавання.

аз