Беларуская Служба

Прадстаўнікоў беларускіх прапагандысцкіх СМІ акрэдытавалі ў Парыж для асвятлення Алімпіяды

19.06.2024 13:45
Акрэдытацыю атрымалі, у тым ліку, супрацоўнікі СМІ, унесеных у санкцыйныя спісы ЕС за прапаганду ваеннага нападу Расіі на Украіну.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Pixabay.com/diema

Як паведамілі Беларускай асацыяцыі журналістаў у службе акрэдытацыі Міжнароднага алімпійскага камітэта, для асвятлення Алімпійскіх гульняў у Парыжы праз НАК Беларусі былі акрэдытаваныя наступныя медыя: Дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА, газета «Спортивная панорама», выданне «Прессбол», афіцыйны сайт нацыянальнай спартовай кампаніі SPORT5.BY, прэс-служба Беларускай асацыяцыі гімнастыкі і «СБ. Беларусь Сегодня».

Нягледзячы на нейтральны статус беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе і забарону на афіцыйны ўдзел Беларусі ў Гульнях, акрэдытацыя беларускіх СМІ, як і ў ранейшыя гады, праходзіла праз Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі.

У выніку акрэдытацыю атрымалі адразу два дзяржаўныя прапагандысцкія выданні – БелТА і «СБ. Беларусь Сегодня», чые супрацоўнікі ўнесеныя ў санкцыйныя спісы ЕС за прапаганду ваеннага нападу Расіі на Украіну.

Таксама некаторыя дзяржаўныя журналісты, напрыклад, супрацоўнікі прэзідэнцкай газеты «СБ. Беларусь Сегодня», разам з сілавікамі ўдзельнічалі ў допытах людзей, затрыманых падчас мірных вулічных пратэстаў у Беларусі. Кадры допытаў затрыманых людзей, у тым ліку незалежных журналістаў, прапагандысты неаднаразова публікавалі ў інтэрнэце.

Звяртае на сябе ўвагу і ўключэнне ў спіс акрэдытаваных прадстаўнікоў сайта SPORT5.BY. Пад прадстаўнікамі сайта замаскіраваныя супрацоўнікі тэлеканала «Беларусь 5» Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі (якая таксама знаходзіцца пад санкцыямі).

Пра прыналежнасць сайта да Белтэлерадыёкампаніі неаднаразова афіцыйна заяўлялася яе кіраўніцтвам.

Дзяржаўная тэлерадыёкампанія Беларусі з’яўляецца вядучым прапагандысцкім рэсурсам беларускіх уладаў, сістэматычна распаўсюджвае антыўкраінскую прапаганду, а таксама дэзынфармацыю пра ўнутраныя падзеі ў Беларусі.

У апошнія гады тэлекампанія часта выдае ў эфір інтэрв’ю з затрыманымі, у тым ліку незалежнымі журналістамі, запісаныя пад прымусам.

Тым часам на сённяшні дзень у турмах Беларусі па палітызаваных абвінавачаннях знаходзяцца 38 прадстаўнікоў і прадстаўніц медыя. Вызваліць іх патрабуюць ЕС і ЗША, міжнародныя праваабарончыя і журналісцкія арганізацыі. Многія з іх знаходзяцца ў турмах ва ўмовах, прыроўненых да катаванняў: адсутнасць камунікацыі са знешнім светам, забарона на сустрэчы з роднымі, перадачы і нават на сустрэчы з адвакатам.

аз