Падчас візіту ў Мінск 24–25 чэрвеня міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, заявіла на брыфінгу 19 чэрвеня афіцыйны прадстаўнік расійскага знешнепалітычнага ведамства Марыя Захарава.
Паводле яе слоў, запланаваныя таксама сустрэчы кіраўніком МЗС Беларусі Сяргеем Алейнікам, старшынямі абедзвюх палат парламента – Ігарам Сергяенкам (Палата прадстаўнікоў) і Наталляй Качанавай (Савет Рэспублікі).
Акрамя таго, паведаміла Захарава, Лаўроў мае намер выступіць у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.
Візіт прымеркаваны да 32-й гадавіны ўсталявання дыпламатычных стасункаў паміж Беларуссю і Расіяй.
«Асаблівая ўвага будзе нададзена працы па дыпламатычным суправаджэнні інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы, тэматыцы фармавання новай архітэктуры еўразійскай бяспекі», – заявіла прадстаўнік МЗС РФ.
У чацвёртым квартале ў Мінску пройдзе сумеснае пасяджэнне калегій знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін, нагадвае «Позірк».
аз