Беларуская Служба

Рада БНР: Быкаў спрычыніўся да будаўніцтва падмуркаў сучаснай беларускай дзяржаўнасці

19.06.2024 16:45
Нагадваем, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвясціла 2024-ты годам Васіля Быкава.
Васіль Быкаўфота: Рада БНР

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выдала заяву да 100-годдзя Васіля Быкава. Нагадваем, 19 чэрвеня 2024 года спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння выбітнага беларускага пісьменніка, дзеяча нацыянальнага Адраджэння.

Проза Васіля Быкава ўзняла беларускую літаратуру на ўзровень найлепшых твораў еўрапейскага пісьменства і для ўсяго свету пацвердзіла багацце беларускай мовы, нагадалі члены БНР. Яны таксама дадалі, што для беларусаў значнасць асобы Васіля Быкава не абмяжоўваецца літаратурай.

«У вызначальны час ён выступіў у абарону права нацыі выбіраць уласны лёс, быў адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту і яго духоўным лідарам. Быкаў самым непасрэдным чынам спрычыніўся да аднаўлення Незалежнасці і будаўніцтва падмуркаў сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

Ён адным з першых папярэдзіў пра небяспеку імперскага рэваншу і рашуча выступіў супраць зневажання чалавечых правоў, здзеку з нацыянальных каштоўнасцяў, здрадніцкіх дамоўленасцяў з Масквой. Апошнія свае гады Быкаў вымушаны быў правесці на чужыне, але душа яго балела за Бацькаўшчыну», – чытаем у заяве Рады БНР.

Нагадваем, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвясціла 2024-ты годам Васіля Быкава, і дзякуе ўсім, хто прыгадвае і ўслаўляе выбітнага суродзіча ў розных краінах і ў дыяспаральных асяродках.

аз