Міністэрствы замежных спраў Беларусі і Расіі сінхронна апублікавалі першы супольны даклад «Аб сітуацыі з правамі чалавека ў асобных краінах».
У даклад уключылі 43 краіны, у тым ліку дзяржавы, якія ўваходзяць у склад Еўразвязу, ЗША, Аўстралію, Канаду, Вялікую Брытанію, а таксама Украіну і Малдову, якія прэтэндуюць на ўступленне ў Еўрапейскі саюз.
У пералік парушэнняў правоў чалавека, напрыклад, у суседняй з Беларуссю Літве ўключылі «дэградацыю эканомікі» ў выніку санкцый супраць Расіі і Беларусі, пазбаўленне дазволаў на жыхарства грамадзян Расіі, а таксама ўвядзенне адмысловых анкет пры выдачы расейцам і беларусам дазволаў на пражыванне ў Літве.
Сярод іншага ў дакладзе фігуруе забарона на распаўсюд інфармацыі пра «спецыяльную ваенную аперацыю» Расіі супраць Украіны (так улады ў Маскве называюць сваю вайну ва Украіне), што нібыта абмяжоўвае магчымасць падтрымкі мясцовага насельніцтва дзеянняў Расіі, а таксама пераслед грамадзян Літвы за працу на спецслужбы Расіі. Вядзецца пра распаўсюд прарасійскіх наратываў аб вайне Расеі пры падтрымцы Беларусі супраць Украіны.
Асобна адзначаюцца дзеянні ўладаў Літвы, накіраваныя на барацьбу з незаконнай міграцыяй на мяжы з Беларуссю, а таксама нібыта на «абельванне нацызму».
Аналагічныя «парушэнні» і праяўленні русафобіі нібыта выявілі ў Латвіі і Эстоніі.
У Аўстраліі аўтары дакладу адзначылі ўшчамленне правоў прадстаўнікоў карэннага насельніцтва, неабгрунтаванае выкарыстанне паліцыянтамі зброі. Апроч таго, Расія і Беларусь заяўляюць пра расізм і антысемітызм у грамадстве краіны і ўвядзенне жорсткай міграцыйнай палітыкі і дыскрымінацыі грамадзян Расеі, якія жывуць у Аўстраліі.
У дакладзе пераважаюць абвінавачанні практычна ўсіх краін у апраўданні нацызму і зʼяўленні новых ультранацыяналістычных арганізацый, а таксама ў гандлі людзьмі. Апроч таго, аўтары дакладу заяўляюць аб праблемах са свабодай слова і выказванняў праз блакаванне расійскіх СМІ.
Апісваючы сітуацыю ў Малдове, аўтары дакладу заявілі, што «безальтэрнатыўны праеўрапейскі курс малдаўскага кіраўніцтва» нібыта накіраваны на «поўны разрыў гістарычных і культурных сувязяў з Расіяй» і на насаджэнне «румынізацыі». Пры гэтым так званы «калектыўны Захад» (тэрмін, які ўжываюць у Маскве і Менску адносна краін Еўразвязу і ЗША) нібыта працягвае спробы па ўцягванні Малдовы ў «кааліцыю заўзятых русафобаў». У дакладзе падрабязна апісваюцца дзеянні ўладаў Малдовы, нібыта накіраваныя на «перапісванне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны», а таксама забарона камуністычнай сімволікі і сімволіку вайны Расеі супраць Украіны.
У ЗША аўтары дакладу заўважылі «нявырашаныя праблемы з расізмам, ушчамленне сацыяльных і эканамічных правоў, у сферы міграцыйнага заканадаўства і паліцэйскага гвалту». Аўтары таксама пералічваюць грамадзян Расіі, якіх пераследавалі ў ЗША, у тым ліку тых, якія абвінавачваліся ў гандлі зброяй.
Аўтары дакладу адзначаюць парушэнні правоў чалавека ва Украіне, бяздоказна заяўляюць пра стварэнне там «аўтарытарнай сістэмы праўлення», манаполію на ўладу, цэнзуру, знішчэнне палітычнай апазіцыі, актыўны пошук здраднікаў, расейскіх шпіёнаў і дыверсантаў.
Такімі дакладамі ўлады Расіі і Беларусі фактычна адказваюць на жорсткую крытыку з боку ААН, АБСЕ, Рады Еўропы, Еўразвязу, ЗША на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і Расіі, масавыя рэпрэсіі, арышты, смерці апазіцыянераў у турмах, развязаную Расіяй вайну супраць Украіны, якая ўжо прывяла да тысяч ахвяр і разбурэнняў цэлых гарадоў.
svaboda.org/вх