Беларуская Служба

Кіраўнік НАУ падтрымаў ідэю Польшчы закрыць мяжу з Беларуссю для тавараў, але заклікаў захаваць пераходы для людзей

23.06.2024 09:14
Учора міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі дапусціў магчымасць закрыцця ўсіх пераходаў на мяжы з Беларуссю.
      .
Памежны пераход Польшчы з Беларуссю ў Баброўніках.Фота: gpk.gov.by

Кіраўнік НАУ Павел Латушка пракаментаваў заяву міністра замежных справаў Польшчы пра магчымае закрыццё ўсіх пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Ён кажа, што важна захаваць для беларусаў магчымасць ездзіць у ЕС.

Павел Латушка падтрымаў ідэю польскага боку закрыць усе грузавыя пераходы на беларуска-польскай мяжы. Ён лічыць, што гэта можа паспрыяць таму, што Лукашэнка «спыніць суўдзел у агрэсіі Расіі супраць Украіны, спыніць масавыя рэпрэсіі ў дачыненні беларусаў, вызваліць палітвязняў, спыніць гібрыдную вайну з выкарыстаннем мігрантаў».

«Адначасова мы выступаем за тое, каб працягвалі працаваць пасажырскія пункты пропуску для грамадзян Беларусі дзеля таго, каб захаваць магчымасць камунікацыі беларусаў з ЕС», – адзначыў Латушка.

Учора міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі дапусціў магчымасць закрыцця ўсіх пераходаў на мяжы з Беларуссю. «Мы зараз вывучаем, якія наступствы гэта будзе мець для нашай эканомікі, каб менавіта Лукашэнка адчуў наступствы, а не мы», – сказаў ён.

Асноўная прычына – сітуацыя з інспіраваным рэжымамі Лукашэнкі і Пуціна мігранцкім крызісам на мяжы, які цягнецца ўжо з 2021 года, а апошнім часам зноў абвастрыўся.

«Фіны закрылі памежныя пераходы з Расіяй, і праблемы скончыліся», – дадаў міністр.

Цяпер на польска-беларускай мяжы дзейнічаюць усяго два пункты пропуску: «Кукурыкі» («Казловічы») для грузавых перавозак і «Тарэспаль» («Брэст») – для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў.

Раней, у канцы мая, прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск, наадварот, заяўляў, што магчымае адкрыццё КПП «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю, закрытага 10 лютага 2023 года. Але непасрэдна пасля гэтых слоў адбыўся новы віток мігранцкага крызісу, у ходзе якога нават загінуў польскі вайсковец. Таму гэтыя планы адразу сталі неактуальнымі.

Наша Ніва