Беларуская Служба

Ужо 500 дзён нічога не вядома пра Мікалая Статкевіча

23.06.2024 12:09
Што адбываецца з лідарам беларускай апазіцыі?
Мікалай Статкевіч screen/youtube, канал Мікалая Статкевіча на You Tube

Сёння ўжо роўна 500 дзён няма ніякіх вестак пра лідара беларускай апазіцыі, палітвязня Мікалая Статкевіча. Пра гэта паведаміла жонка палітыка Марына Адамовіч:

«Сёння роўна 500 дзён поўнай невядомасці. 1484 дні за кратамі. Прорва. Бездань. Колькі чарнаты і зла, колькі нізкіх энергій у гэта ўкладзена. Але святло абавязкова разгоніць цемру. Сёння гэта асабліва відавочна. Са святам Сашэсця Святога Духа! З Тройцай!»

Мікола Статкевіч быў асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі, яго абвінавацілі ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» (арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі). З пачатку ліпеня 2022 года – з таго часу, як Мікалай Статкевіч пачаў адбываць пакаранне ў Глыбоцкай калоніі – у яго было 23 спагнанні. Як мінімум 9 разоў ён трапляў у ШІЗА – на тэрміны ад 7 да 10 дзён. Новы год палітвязень сустрэў у ШІЗА.

Мікола Статкевіч утрымліваецца ў калоніі ў максімальна жорсткіх умовах: палітыка трымаюць у адзіночнай камеры ў небяспечных для здароўя ўмовах. Стала вядома, што ў зняволенні Мікола Статкевіч двойчы перахварэў на COVID-19.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна запатрабавала ад беларускіх уладаў абвергнуць атрыманую ад некалькіх крыніц інфармацыю аб магчымай смерці ў турме Мікалая Статкевіча.

«Пакажыце Мікалая Статкевіча, калі ён жывы, ягонаму самаму блізкаму і роднаму чалавеку – Марыне Адамовіч. Дазвольце ім спатканне ці хаця б відэазванок! У адваротным выпадку ваша маўчанне будзе азначаць, што крыніцы маюць рацыю і на сумленні Лукашэнкі і ягоных карнікаў смерць яшчэ аднаго палітвязня», – заявіла Наталля Радзіна.

Крыніца: Хартыя'97