Беларуская Служба

Беларускі экспарт калію ў Кітай за пяць месяцаў моцна ўпаў у коштах

23.06.2024 16:26
Але, здаецца, вырас у аб'ёмах.
 .  .
Калійныя ўгнаенні. Ілюстрацыйны здымак.фота: Pixabay.com/CatKosianok

Відаць, каб утрымацца на ключавым для сябе рынку, беларускія ўлады адчайна дэмпінгуюць, таму што знешнія абставіны экспарту беларускага калію не спрыяюць, піша выданне «Беларусы і рынак».

За студзень-май Беларусь экспартавала ў Кітай калійных угнаенняў на 393 млн долараў. У грошах экспарт за пяць месяцаў абваліўся ў параўнанні з мінулым годам на 50%. Яно і нядзіўна, улічваючы, што ў студзені мінулага года сярэдні сусветны кошт за тону ўгнаенняў складаў больш за 500 долараў, а да студзеня гэтага года ён абваліўся да 300.

Праўда, у траўні пастаўкі былі амаль у два разы вышэйшыя за красавіцкія і прынеслі больш за 100 млн долараў. Але адбылося гэта не таму, што кошты выраслі, а праз павелічэнне абʼёмаў экспарту ў тонах. У траўні Мінэканомікі прызнавала, што «Беларуськалій» павялічыў выпуск угнаенняў.

Пры сярэднім сусветным кошце калію 307 долараў за тону, для Кітая сярэдні кошт сёлета складаў каля 240 долараў. Як найбуйнейшы сусветны імпарцёр калійных угнаенняў, Кітай заўсёды купляе іх з вялікай зніжкай.

Але Беларусь прадавала свае ўгнаенні яшчэ танней. Нават летась сярэдні кошт экспарту адной тоны беларускага калію ў Кітай складаў менш за 200 долараў. А ў параўнанні з маем мінулага года сярэдні сусветны кошт адной тоны калію ўпаў амаль на 70 долараў.

Прычым далей, верагодна, будзе горш. Міжнароднае агенцтва Fitch Ratings прагназуе сёлета сярэднюю цану на калійныя ўгнаенні ў 300 долараў за тону з тэндэнцыяй паступовага зніжэння да канца года. Агенцтва чакае, што на наступны год кошт тоны калію можа ўпасці да 230 долараў.

Але Беларусі выбіраць не даводзіцца. Бо на кітайскім рынку беларускія ўгнаенні адціскаюць канкурэнты. За пяць месяцаў памер паставак у Кітай расійскіх угнаенняў вырас на 22%, а канадскіх – на 13%. Таму, каб утрымацца на кітайскім рынку, даводзіцца ісці на самы адчайны дэмпінг.

Чытаць цалкам: belmarket.by

нг