Беларуская Служба

Кітай адклаў пастаўку электравозаў у Беларусь праз рызыку патрапіць пад санкцыі

24.06.2024 08:34
Усё высокатэхналагічнае абсталяванне кітайскага электравоза БКГ2 з'яўляецца імпартным.
 2
Электравоз БКГ2 Фота: https://belzhd.link/

Кітай адклаў пастаўку 15 новых грузавых электравозаў БКГ2 у Беларусь, якія мусілі прыбыць яшчэ напрыканцы 2023 года. Новыя тэрміны паставак – 2025-26 гады, – паведамляе euroradio, спасылаючыся, на «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».

Прычына пераносу паставак – боязь кітайцаў трапіць пад санкцыі ЗША і Еўрасаюза. Чыгуначнікі атрымалі дакументы, якія сведчаць пра такія асцярогі з боку кітайскага вытворцы цягнікоў CRRC Datong Co., Ltd.

Амаль усё высокатэхналагічнае абсталяванне кітайскага электравоза БКГ2 з'яўляецца імпартным. У лакаматыве ёсць шведскія трансфарматары, канадскія электрарухавікі, французскія размеркавальныя прыстасаванні, нямецкае тармазное абсталяванне. Калі ўсё гэта забароняць пастаўляць у Кітай – там стане ўся вытворчасць.

У цяперашні момант кітайцы разглядаюць два варыянты далейшых дзеянняў. Першы – замяніць усе падсанкцыйныя камплектуючыя кітайскімі. А другі варыянт – імпартазамяшчэнне на паперы. Гэта значыць схаваць у дакументах выкарыстанне імпартных камплектуючых.

Аднак на кітайскім заводзе прызнаюць, што вырабіць электравозы без заходніх камплектуючых практычна нерэальна. А калі будзе рэалізаваны другі варыянт – дык нават самы просты рамонт, які запатрабуе замены заходніх дэталяў, будзе спалучаны з сурʼёзнымі цяжкасцямі.

эж