Ідэя стварэння за мяжой Інстытута беларускай мовы знайшла падтрымку ў «нацыянальна арыентаваных бізнесменаў», паведаміў «Позірку» намеснік прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Баркоўскі.
Ён адзначыў, што ў сувязі з гэтым ёсць «вялікія надзеі на хуткую практычную рэалізацыю і заснаванне адпаведнай структуры».
Паводле слоў Баркоўскага, праект «не ставіць сабе за мэту супрацьстаяць афіцыйным структурам, накшталт Інстытута мовазнаўства, які працягвае працаваць у Беларусі, але дбае пра пераемнасць і пашырэнне традыцыі, стварае гарантыю грамадскага ўдзелу ў вызначэнні лёсу беларускай мовы ў будучым».
«Такія рэчы, як, прыкладам, моўныя кансультацыі, кадыфікацыя, маніторынг і зацвярджэнне новатвораў ці распрацоўка беларускамоўнай тэрміналогіі могуць быць скарыстаныя беларусамі як унутры краіны, так і па-за яе межамі. Мы спадзяемся, што шматлікія распрацоўкі, зробленыя пры ўдзеле супрацоўнікаў будучага інстытута, акажуць дзейсны ўплыў на змяненне моўнай сітуацыі ў краіне і пашырэнне ролі беларускай мовы ва ўсім свеце», – адзначыў Павел Баркоўскі.
аз