План мэтавага набору ў 2024 годзе па Віцебскай вобласці склаў 1 тыс. чалавек. Аднак заяву падаў усяго 921 абітурыент. Катастрафічная сітуацыя з мэтавым наборам склалася ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, дзе незапатрабаванымі засталіся адразу 228 мэтавых месцаў. Пры гэтым, усё больш беларускіх абітурыентаў шукаюць магчымасці для навучання ў заходніх краінах.
Афіцыйнай статыстыкі пра тое, колькі беларусаў аддаюць перавагу замежным універсітэтам, няма. Аднак тэндэнцыя да павелічэння заўважная. Гэта прызнаюць і цяперашнія беларускія ўлады. Большасць маладых беларусаў традыцыйна абіраюць навучальныя ўстановы Польшчы, Літвы, Чэхіі – там лягчэй адаптавацца, вывучыць мову, навучанне каштуе нядорага і ёсць магчымасць паступіць на бюджэтныя месцы.
Так напрыклад, у суседняй з Віцебскай вобласцю Латвіі, Даўгаўпілскі ўніверсітэт сёлета выдзеліў бюджэтныя месцы ў магістратуры для беларускіх студэнтаў і змякчыў патрабаванні да прадастаўлення апастылю на дакументах. На гэтым фоне беларускім універсітэтам усё складаней канкураваць з еўрапейскімі. Больш за ўсё студэнтаў палохае ўзмацненне ўмоў адпрацовак пасля сканчэння ўніверсітэта і наяўнасць палітычнага аспекту ў навучанні. Мала хто з моладзі хоча ўступаць у БРСМ, глядзець ідэалагічныя фільмы і адзначаць дзяржаўныя святы ў навучальнай установе.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск