Беларуская Служба

Сілавікі зладзілі аблаву ў Глыбокім  

24.09.2024 15:34
Сярод затрыманых - адміністратар старонкі «Падслухана Глыбокае», а таксама жанчына, якая на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай раздавала кветкі.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Shutterstock/Fanni_2021

Сілавікі зладзілі аблаву ў Глыбокім Віцебскай вобласці. Відэа з затрыманымі сёння апублікаваў набліжаны да лукашэнкаўскіх апрычнікаў Тэлеграм-канал. 

Затрымалі як мінімум трох чалавек. Усе яны нібыта ўдзельнічалі ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. 

Сярод затрыманых - адміністратар старонкі «Падслухана Глыбокае», а таксама жанчына, якая на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай раздавала кветкі. Пра гэта стала вядома з відэа сілавікоў. 

«Выходзіў на акцыі пратэсту, хадзіў па праезнай частцы, здымаў усё, што адбывалася на відэа», - сказаў на камеру затрыманы мужчына. 

«Адзін раз раздавала кветкі на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай. Другі раз мітынг праходзіў на праезжай частцы», - распавяла жанчына. 

Паводле інфармацыі сілавікоў, усе затрыманыя «пройдуць па адной крымінальнай справе», паведамляе «Наша Ніва».

вс