Падчас Варшаўскага форуму бяспекі беларускі палітык Святлана Ціханоўская заявіла, што выбараў у наступным годзе не будзе, будзе толькі «цырк» і «перапрызначэнне Лукашэнкі самім Лукашэнкам»:
— Безумоўна, мы як дэмакратычныя сілы павінны выкарыстаць гэтую магчымасць, каб мабілізаваць людзей нешта рабіць. Магчыма, гэта будзе вялікая медыйная кампанія. У нас павінен быць скаардынаваны падыход — што ў гэты дзень могуць зрабіць беларусы ў краіне і на эміграцыі. Але справа, вядома, не ў легітымізацыі.
Паводле Ціханоўскай, патрэбная адзіная пазіцыя ўсіх дэмакратычных сілаў адносна галасавання ў наступным годзе:
— Мы заклікаем нашых дэмакратычных партнёраў на самым пачатку заявіць, што яны не прызнаюць гэтыя выбары. Вядома, я не хачу, каб беларусы ахвяравалі сабой, выходзячы на дэманстрацыі або паўстаючы, таму што гэтыя так званыя выбары нічога ў краіне не зменяць.
У жніўні споўнілася чатыры гады пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. У жніўні 2020 года не менш за некалькі сотняў тысяч беларусаў выйшлі на мірныя дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацый.
Рэжым Лукашэнкі адказаў гвалтам і арыштамі. Паводле падлікаў праваабаронцаў, за кратамі знаходзяцца каля 1400 палітвязняў рэжыму Лукашэнкі. Сярод іх не толькі яго палітычныя канкурэнты, але і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і журналіст і дзеяч польскай меншасці Анджэй Пачобут.
IAR/вх