Кантэнт старонкі Artur Michalski у сацыяльнай сетцы Х прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» на падставе рашэння суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 25 верасня, вынікае з абноўленага пераліку на сайце Міністэрства інфармацыі.
Старонка належыць былому амбасадару Польшчы ў Беларусі Артуру Міхальскаму (2018–2023), які цяпер займае пасаду ўпаўнаважанага польскага міністра замежных спраў па супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы (Брэсцкая вобласць) 30 верасня прыняў аналагічнае рашэнне ў дачыненні да змесціва старонак у той жа сацсетцы вядомага адваката Марыі Колесавай-Гудзілінай і мастачкі і актывісткі Марыі Аніміі.
З пачатку падзей 2020 года рэжым Аляксандра Лукашэнкі стаў прызнаваць «экстрэмісцкімі матэрыяламі» разнастайны кантэнт, які не супадае з наратывам афіцыйнай прапаганды, у тым ліку інтэрнэт-рэсурсы сваіх палітычных апанентаў, незалежных СМІ.
За «распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі» (арт. 19.11 КаАП) грамадзян караюць штрафам у памеры 10–30 базавых велічынь (400–1200 рублёў), грамадскімі працамі ці арыштам на тэрмін да 15 сутак.
Крыніца: Позірк
нг