Відэа суправаджаецца нарастаючым шумам бензінавага рухавіка «як у мапеда», піша «Флагшток».
Пасля сполах — і гасне святло на вуліцы, дзе вісіць камера відэаназірання, пасля далятае гук выбуху.
Гэты выбух пачулі жыхары ўсяго райцэнтра Гомельскай вобласці і суседніх вёсак 3 кастрычніка ў 04:54.
Верагодна, адзін з расійскіх беспілотнікаў, якія перыядычна збіваюцца з курсу, калі ляцяць бамбіць Украіну, выбухнуў у населеным пункце Беларусі ці блізка каля яго.
«Наша Ніва» паведаміла, што КДБ затрымаў жанчыну, з дома якой было знята відэа выбуху шахеда ў Калінкавічах. Па жанчыну прыслалі байцоў спецпадраздзялення САХР.
Відэа затрымання жыхаркі Калінкавічаў з'явілася ў тэлеграм-каналах сілавікоў. Сцвярджаецца, што жанчыну затрымалі за супрацоўніцтва з «экстрэмісцкімі» рэсурсамі.
Жанчыну абвінавачваюць у тым, што яна нібыта перадала відэаматэрыялы адміністратарам «дэструктыўных тэлеграм-каналаў», чым пасеяла паніку сярод насельніцтва. За гэта ў дачыненні да жанчыны нібыта завялі крымінальную справу.
Міністэрства абароны Беларусі гэта пакуль не каментавала. Але прапагандыст Азаронак ужо публікаваў абразлівыя допісы па тэме.
вх