Беларуская Служба

У чатах Калінкавічаў (Гомельская вобласць) распаўсюджваецца відэа, якое зафіксавала выбух беспілотніка

04.10.2024 10:55
Стала вядома, што КДБ затрымаў жанчыну, з дома якой было знята відэа выбуху шахеда ў Калінкавічах
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneFoto: shutterstock/Anelo

Відэа суправаджаецца нарастаючым шумам бензінавага рухавіка «як у мапеда», піша «Флагшток».

Пасля сполах — і гасне святло на вуліцы, дзе вісіць камера відэаназірання, пасля далятае гук выбуху.

Гэты выбух пачулі жыхары ўсяго райцэнтра Гомельскай вобласці і суседніх вёсак 3 кастрычніка ў 04:54.

Верагодна, адзін з расійскіх беспілотнікаў, якія перыядычна збіваюцца з курсу, калі ляцяць бамбіць Украіну, выбухнуў у населеным пункце Беларусі ці блізка каля яго.

«Наша Ніва» паведаміла, што КДБ затрымаў жанчыну, з дома якой было знята відэа выбуху шахеда ў Калінкавічах. Па жанчыну прыслалі байцоў спецпадраздзялення САХР.

Відэа затрымання жыхаркі Калінкавічаў з'явілася ў тэлеграм-каналах сілавікоў. Сцвярджаецца, што жанчыну затрымалі за супрацоўніцтва з «экстрэмісцкімі» рэсурсамі.

Жанчыну абвінавачваюць у тым, што яна нібыта перадала відэаматэрыялы адміністратарам «дэструктыўных тэлеграм-каналаў», чым пасеяла паніку сярод насельніцтва. За гэта ў дачыненні да жанчыны нібыта завялі крымінальную справу.

Міністэрства абароны Беларусі гэта пакуль не каментавала. Але прапагандыст Азаронак ужо публікаваў абразлівыя допісы па тэме.

вх