Валавы збор збожжавых і зернебабовых (з улікам рапсу) абласнымі чыноўнікамі планаваўся на каля 900 тыс. т. Аднак сельгаспрадпрыемствам не атрымалася выйсці на планавыя лічбы. Старшыня Віцебскага аблвыканкама ўчора агучыў вынік жніва: намалочана 642,8 тыс. т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 22,2 ц/га; з улікам рапсу, грэчкі, проса, збожжа, кукурузы - намалочана больш за 780 тыс. т.
У апошнія гады, каб хаваць неўраджаі, чыноўнікі сталі ў намалот уключаць рапс і кукурузу, але і гэта не дапамагло Віцебскай вобласці выканаць план. Адставанне ад плана досыць высокае — 13,3%, калі ўлічваць рапс з кукурузай, і 28,6% - калі не ўлічваць гэтых збожжавых культур.
Праблемы ў сельскай гаспадарцы вобласці ўжо становяцца хранічнымі - гэта прызнаюць і ўлады. Праца аграпрамысловых аб'яднанняў застаецца стратнай. Без дзяржаўнай падтрымкі стратныя 72% сельскагаспадарчых арганізацый у рэгіёне.
Не лепшым чынам адбіваюцца на галіне бясконцыя карупцыйныя скандалы і звязаныя з імі крымінальныя справы, факты несвоечасовай выплаты заработнай платы працаўнікам, перыядычны выхад са строю сельгастэхнікі і кадравы «голад».
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск