Беларуская Служба

Журналісту Ігару Карнею падоўжылі знаходжанне ў ПКТ

04.10.2024 16:36
У сакавіку журналіста Ігара Карнея пакаралі трыма гадамі зняволення.
Журналіст Ігар Карнейкрыніца: Радыё «Свабода»

Журналіста Ігара Карнея пакінулі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу - рэд.) яшчэ прынамсі на 4 месяцы, паведамляе Радыё «Свабода». Пра гэта паведаміла крыніца, якая прасіла не называць яе дзеля бяспекі. За што наклалі спагнанне, крыніцы невядома. 

У сакавіку журналіста Ігара Карнея пакаралі трыма гадамі зняволення паводле часткі 3 артыкулу 361–1 Крымінальнага кодэксу («удзел у экстрэмісцкім фармаванні»). Адбываць пакаранне Карнея адправілі ў калонію № 17 у Шклове. Улетку, паводле крыніцы, Ігара змясцілі ў ПКТ першы раз. Тэрмін дадатковай ізаляцыі павінен быў закончыцца ў жніўні, але цяпер стала вядома, што ў атрад з ПКТ палітвязень так і не вярнуўся. 

«Ведаем, што да канца студзеня 2025-га ён прабудзе ў ПКТ. Званкі яму забароненыя, пасылку з цёплымі рэчамі не атрымае, адна ўжо вярнулася, бандэроль толькі праз 6 месяцаў. Часам піша лісты», - паведаміла крыніца. 

Вядомыя і некаторыя бытавыя падрабязнасці жыцця Ігара Карнея ў ПКТ. 

«Шпацыр у яго 30 хвілін на дзень. З задавальненнем выходзіць гуляць пры ўсякім надвор’і. З бібліятэкі бярэ чытаць кнігі. Часу на чытанне там мала, але які ёсць, выкарыстоўвае цалкам», - паведаміла крыніца пра Ігара Карнея. 

Ігару Карнею 56 гадоў. 5 кастрычніка іх з жонкай шлюбу споўніцца 33 гады. У іх чатыры дачкі. Другі год яны будуць адзначаць сямейнае свята паасобку. Сям’я Ігара Карнея выехала з Беларусі з-за пагрозы пераследу. 

Журналіст Ігар Карней прызнаны беларускімі праваабаронцамі палітвязнем. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, у зняволенні цяпер знаходзяцца 33 беларускія журналісты.

вс