Беларуская Служба

Лукашэнка заявіў, што Беларусь збівае дроны як украінскія, так і расійскія

04.10.2024 17:03
«Некалькі выпадкаў такіх было і з боку Расіі, і з боку Украіны», - сказаў ён у пятніцу, 4 кастрычніка, падчас працоўнай паездкі ў Пінскі раён. 
«Шахед»Anelo/Shutterstock

Аляксандр Лукашэнка прызнаў факты парушэння мяжы Беларусі баявымі беспілотнікамі і заявіў, што беларускі бок іх «шмат» збівае, нягледзячы на тое, украінскія яны ці расійскія, паведамляе «Позірк», спасылаючыся на прэс-службу дыктатара. 

Залёт БПЛА Лукашэнка патлумачыў недасведчанасцю карыстальнікаў і адзначыў, што пасля ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы беспілотнікі губляюць арыенцір. 

«Некалькі выпадкаў такіх было і з боку Расіі, і з боку Украіны», - сказаў ён у пятніцу, 4 кастрычніка, падчас працоўнай паездкі ў Пінскі раён. 

Паводле яго слоў, гэтыя пытанні ў Беларусі вырашаюць «на ўзроўні спецыялістаў, не выносячы ў публічнае поле». Такія дамоўленасці былі дасягнутыя з абодвума бакамі, падкрэсліў Лукашэнка. 

Ён выказаўся таксама наконт інфармацыі, якая з’явілася ў шэрагу інфармацыйных рэсурсаў, пра тое, што яго верталёт быў у паветры адначасова з дронамі-камікадзэ, якія заляцелі ў паветраную прастору Беларусі. 

«Я нават здзівіўся, калі атрымаў інфармацыю. Гэта нашы збеглыя з-за мяжы пачалі падкідваць: на сустрэчу прэзідэнцкаму борту вылецелі беспілотнікі. Думаю, што гэта дробная брыдота, правакацыя», - сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што «за плотам ідзе вайна». 

Раней паведамлялася, што ў ноч на 3 кастрычніка на тэрыторыю Беларусі чарговы раз заляцеў расійскі дрон іранскай распрацоўкі «Шахед», які ўзарваўся ў Калінкавічах Гомельскай вобласці. Улады ніяк не каментавалі інцыдэнт. 

4 кастрычніка супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі «пры сілавой падтрымцы вайскоўцаў САХРу» затрымалі жыхарку Калінкавічаў: сілавікі ўварваліся ў дом, з якога напярэдадні было знятае відэа падзення БПЛА.

 вс