Беларуская Служба

Рэжым Лукашэнкі датычны да ідэалагічнай апрацоўкі і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей - даклад

06.10.2024 09:30
Даследчыкі выявілі 2 219 дзяцей, перамешчаных у Беларусь з 2021 года.
Аляксандр ЛукашэнкаDrop of Light/shutterstock

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі «перамяшчае, ідэалагічна апрацоўвае, перавыхоўвае і мілітарызуе» дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў рамках палітыкі РФ па «знішчэнні ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці», гаворыцца ў дакладзе «Украдзенае дзяцінства».

Дакумент падрыхтавалі міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House (штаб-кватэра ў Вашынгтоне), праваабарончы цэнтр «Вясна» і аб’яднанне былых сілавікоў BelPol (беларускія арганізацыі ў выгнанні), а таксама Рэгіянальны цэнтр правоў чалавека і праваабарончы цэнтр ZMINA (Украіна), паведамляе «Позірк».

На падставе звестак з адкрытых крыніц і здабытай BelPol інфармацыі аўтары даклада сфармулявалі некалькі ключавых высноў. Найперш яны звярнулі ўвагу на тое, што Лукашэнка «асабіста заклаў аснову для перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей на беларускую тэрыторыю». Гаворка ідзе пра падпісанае ім у 2021 годзе распараджэнне аб арганізацыі адпачынку і аздараўлення дзяцей з Данбаса.

Даследчыкі выявілі 2 219 дзяцей, перамешчаных у Беларусь з 2021 года.



Беларускі рэжым, адзначылі аўтары дакладу, «актыўна рэалізуе дзяржаўную палітыку РФ па знішчэнні ўкраінскай ідэнтычнасці праз сістэматычную ідэалагічную апрацоўку дзяцей».

Аўтары дакумента просяць заклікаць Міжнародны крымінальны суд «пачаць расследаванне перамяшчэння, ідэалагічнай апрацоўкі і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей» рэжымам у Мінску і выдаць ордары на арышт адказных за гэта асоб, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі.

Яны таксама прапануюць разам працаваць над стварэннем «адзінага міжнароднага механізма для садзейнічання вяртанню дзяцей з Беларусі ва Украіну», а таксама «падтрымліваць і прымаць санкцыі ў дачыненні службовых асоб беларускага рэжыму і СД у адказ на злачынствы супраць украінскіх дзяцей».

аз