Беларуская Служба

У Мінску 15% жыхароў не маюць доступу да цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння

17.10.2024 17:54
Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт апублікаваў пералік дзяржаўных сацыяльных стандартаў у абслугоўванні жыхароў сталіцы Беларусі.
.
Ілюстрацыя. Фота: Shutterstock/zefart

Як адзначаецца ў апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі рашэнні, 85 % жыхароў Мінску маюць доступ да цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння.

З рашэння вынікае, што гарадскія ўлады абяцаюць падключыць усіх жыхароў сталіцы да цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння пасля 2026 года.

Сярод іншых стандартаў — асвятленне і ўдасканаленае пакрыццё не менш як 90% вуліц і дарог.

Згодна з рашэннем, колькасць унітазаў у грамадскіх туалетах будзе вызначацца ў залежнасці ад колькасці жыхароў: не менш за адзін унітаз на 1 тысячу чалавек.

У пераліку есць таксама стандарты аб забеспячэнні доступу да адукацыі. Сярод іншага, улады гарантуюць, што ў школах будзе адзін кампутар, у тым ліку партатыўны, на 10 вучняў (раней было на 30 вучняў. — РС), або не менш за два кампутарныя класы на адну школу.

Улады змянілі стандарты ў галіне аховы здароўя. У прыватнасці, знізілі норму забяспечанасці месцамі ў лякарнях — цяпер вызначана 6,5 ложка на 1 тысячу чалавек супраць 8 ложкаў раней. У той жа час часткова палегчылі нагрузку на брыгады хуткай дапамогі. Раней нарматыў складаў 12,5 тысячы грамадзян на адну брыгаду, а цяпер — 12 тысяч чалавек.

Гарадскія ўлады зменшылі выдаткі бюджэту Мінску на фізічную культуру і спорт да не менш як 0,7 базавай велічыні на аднаго чалавека (раней было не менш за 0,5 базавай велічыні). У той жа час павялічылі нарматыў выдаткаў на культуру да 1,5 базавай велічыні на аднаго чалавека (раней было 1,3 базавай велічыні).

svaboda.org/вх