На 12 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе адбудзецца пасяджэнне паводле пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя садзейнічання Арганізацыі Аб’яднаных Нацый», вынікае з раскладу пасяджэнняў, паведамляе «Свабода» са спасылкай на «Позірк».
Арганізацыю зарэгістравалі ў кастрычніку 1989 года і перарэгістравалі ў чэрвені 1991-га. На партале грамадскіх аб’яднанняў яе кіраўніком значыцца Віктар Іваноў, адрасам знаходжання пазначаны Мінск, вул. Бабруйская, 5А. Там знаходзіцца рэктарат Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Публічных звестак аб актыўнасці аб’яднання апошнім часам не маецца, у адрозненне ад, напрыклад, створанай таксама 35 гадоў таму аднайменнай расійскай асацыяцыі, якая сёлета ў верасні праводзіла мерапрыемства «Расія і Беларусь: Міжнародны і шматсектарны абмен практыкамі для ўстойлівай і лічбавай будучыні», заўважыў «Позірк».
З 2002 году існуе вучэбна-адукацыйны цэнтр ГА «Беларуская асацыяцыя садзейнічання ААН», зарэгістраваны ў Мінску па вул. Інтэрнацыянальнай, 24А. Там жа месціцца інтэрнат Беларускага дзяржаўнага цырку. Пакуль цэнтр мае статус дзейнага. У 2003 годзе ён размяшчаў рэкламу камп’ютарных курсаў у недзяржаўнай газеце «Народная воля».
У 1991–1995 гадах пры асацыяцыі функцыянаваў прадпрымальніцкі цэнтр «Сусветная садружнасць».
За перыяд пасля сфальшаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і да канца кастрычніка 2024га ў Беларусі рэжым Лукашэнкі ліквідаваў не менш за 1 838 некамерцыйных арганізацый.
аз