Беларуская Служба

Рэпрэсаваныя беларусы не хочуць помсты, а вераць у пакаранне праз суд

15.11.2024 18:16
Агучаныя вынікі апытання рэпрэсаваных з 2020-га года.
     2020- .
Агучаныя вынікі апытання рэпрэсаваных з 2020-га года.,Беларуская служба Польскага радыё / Radyjo.net

Праваабаронцы цэнтру «Вясна» і «Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі» правялі даследаванне таго, як успрымаюць справядлівасць людзі, якія перажылі катаванні і жорсткае абыходжанне пасля і падчас пратэстаў 2020 года.

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў, які працаваў з сабранымі праваабаронцамі дадзенымі, падчас прэзентацыі даклада сказаў, што апытаныя беларусы хочуць не помсты, а справядлівасці:

— Чым мусіць быць справядлівасць? У гэтым сэнсе з аднаго боку людзі, зразумела, кажуць, што рэжым мусіць быць пакараны агулам. Але трэба ўвага да непасрэдна вінаватых у гвалце. То бок працуем не па закону Таліона — вока за вока, зуб за зуб. А мусіць быць выкананы закон. Пераважная большасць апытаных гавораць, што не мусіць быць нейкага абвінавачвання скопам. Ступень віны кожнага мусіць вызначыць суд у індывідуальным парадку. Таксама людзі выступаюць за люстрацыю, як мінімум забарона займаць пасады, займацца нейкім відам дзейнасці.

Што тычыцца таго, хто павінен быць суддзё, то 46% апытаных праваабаронцамі пацярпелых лічаць, што вызначаць ступень вінаватасці канкрэтных асоб павінен «Міжнародны трыбунал, які можна арганізаваць ужо цяпер». 34% рэспандэнтаў выбралі варыянт, што разглядаць такія справы павінен беларускі суд пасля змены ўлады. 6%  рэспандэнтаў адказалі — «суд у іншай дэмакратычнай краіне ў рамках універсальнай юрысдыкцыі», 4% — «людзі, якія пацярпелі ад рук сілавікоў», 3% —  «палітвязні», 1% — «тыя, хто больш за ўсё пацярпеў ад рук сілавікоў».

Матэрыялы даследавання былі прадстаўленыя ў Варшаве.