Адмоўнае сальда вонкавага гандлю таварамі і паслугамі ў Беларусі за 11 месяцаў 2024 года склала 660,5 млн долараў. Пра гэта сведчаць звесткі Нацыянальнага банку, – паведамляе belsat.eu.
У параўнанні са студзенем – кастрычнікам адмоўнае сальда вонкавага гандлю таварамі і паслугамі падвоілася. У студзені – лістападзе экспарт тавараў і паслуг вырас на 3,8 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года – да 45,19 млрд долараў. Імпарт пры гэтым вырас на 6,5 % – да 45,85 млрд долараў.
Экспарт тавараў павялічыўся на 2,1 % да 36,4 млрд долараў, а імпарт – на 6,4 % да 40,08 млрд долараў. Імпарт перавысіў экспарт на 3,67 млрд долараў. Адмоўнае сальда гандлю таварамі вырасла на 82,6 % у параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года.
Экспарт паслуг вырас на 11,8 % да 8,78 млрд долараў, а імпарт – на 7,5% да 5,77 млрд долараў. Дадатнае сальда гандлю паслугамі склала 3,01 млрд долараў. Гэта на 21,2 % больш, чым год таму.
Незалежныя эканамісты адзначаюць, што ў звычайнай сітуацыі дзяржава можа прыцягнуць інвестыцыі або крэдыты, каб закрыць дэфіцыт гандлю. У Беларусі для гэтага фактычна засталася толькі Расія.
«Калі дэфіцыт будзе хранічна расці, могуць папрасіць падтрыкі ў Расіі, улічваючы, што там, наадварот, актыўна расце дадатнае гандлёвае сальда. І гэта прывядзе да яшчэ большай залежнасці ад суседняй краіны. Яшчэ і палітычныя патрабаванні могуць высунуць», – папярэджвала раней эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.
эж