Беларуская Служба

Венгрыя і Славакія не падпісваюць дакумент ЕС аб непрызнанні выбараў у Беларусі

23.01.2025 16:13
«Няўмольны і беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій».
Ілюстрацыя Sinonimas/ Shutterstock

Венгрыя і Славакія не падпісваюць дакумент ЕС аб непрызнанні выбараў у Беларусі. Паводле інфармацыі ўласнай крыніцы @radiosvaboda, прадстаўнікі гэтых краін не падтрымалі першую версію заявы і, магчыма, не падпішуць і фінальную.

«Няўмольны і беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій, парушэнні правоў чалавека, абмежаванне палітычнага ўдзелу і доступу да незалежных СМІ ў Беларусі пазбавілі выбарчы працэс любой легітымнасці», — гаварылася ў праекце заявы, якую рыхтуе Еўрапейская служба знешніх спраў.

Таксама ў дакуменце акцэнтавалася ўвага на далейшай падтрымцы беларускага народу, дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці, гучаў заклік да правядзення свабодных выбараў і вызвалення ўсіх палітзняволеных.

Венгрыя і Славакія не аднойчы выступалі супольна супраць пашырэння санкцый супраць Расіі, павелічэння еўрапейскай дапамогі Украіне і інш.

22 студзеня прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз выступіў з заявай, у якой назваў «найгрубейшым умяшаннем у электаральныя працэсы суверэннай дзяржавы» праект заявы Еўрапейскай службы вонкавых спраў, якую яна плануе зрабіць па выніках выбараў 26 студзеня і якая нібыта «трапіла ў распараджэнне МЗС».

вх