Беларуская Служба

Беларускія санаторыі летась зарабілі рэкордную суму грошай

30.01.2025 18:18
Традыцыйна больш за ўсё гасцей прыязджае з Расіі.
 .
Санаторый «Пралеска».praleska-minsk.by

У мінулым годзе выручка беларускіх санаторыяў перавысіла 1 млрд рублёў (каля 280 млн еўра). Пра гэта распавёў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі, паведаміла агенцтва «Мінск-Навіны».

Паводле яго слоў, упершыню з 2006 года, калі была праведзена рэформа сістэмы санаторна-курортнага лячэння, беларускія здраўніцы спрацавалі з рэкорднымі вынікамі.

У мінулым годзе ў беларускіх санаторыях адпачылі 246,5 тысячы замежнікаў з 63 краін свету. У параўнанні з 2023 годам гэта больш на 29 тысяч чалавек. Традыцыйна больш за ўсё гасцей прыязджае з Расіі.

Агулам летась у беларускіх санаторыях адпачылі 1 млн 565 тысяч чалавек.

Сярэднегадавая запаўняльнасць санаторыяў склала  83,4%.

За сродкі рэспубліканскага бюджэту і фонду дзяржаўнага сацстрахавання пуцёўкі ў санаторыі атрымалі больш за 800 тыс. жыхароў Беларусі. Традыцыйна ў прыярытэце дзеці, у тым ліку якія пражываюць на тэрыторыях, што пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.

вх