Беларусы купілі яе на аўкцыёне ў Вільні. Пра тое, чаму гэты набытак такі важны для нас, распавялі «Белсату» сузаснавальнікі «Maldzis» сацыёлаг Рыгор Астапеня і былы кіраўнік амбасады Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч.
«Так, пасля III Статуту ВКЛ мы набылі Радзівілаўскую карту. У нейкай ступені гэта працяг той жа самай эпохі. Праца над картай пачалася напрыканцы XVI ст. і працягвалася 20 гадоў, а першае выданне з'явілася на пачатку XVII ст. І гэта, у прынцыпе, самая важная карта ў гісторыі Беларусі», – кажа Рыгор Астапеня.
«Першая міжнародная піяр-акцыя беларускага паходжання»
Як і ў выпадку са Статутам ВКЛ, набыць гэтую гістарычную каштоўнасць дапамаглі беларусы, якія падтрымалі праект фінансава. Фундатарамі сталі
Сяргей Казлоўскі, Аня Буглакова, Уладзімір Гарлач, Дзмітрый Падалінскі. Якую канкрэтна суму выдаў «Maldzis» за «Радзівілаўку» на аўкцыёне – трымаецца пад сакрэтам.
Апраўленая ў драўляную раму Радзівілаўская карта знаходзіцца пад шклом. Па форме ўяўляе сабой квадрат (73,5X 73,5 см). «Magni Ducatus Lithuaniae caeterumque regionum illi adiaciencium exacta descriptio», – пазначана на ёй па-лацінску. У перакладзе: «Падрабязнае апісанне Вялікага Княства Літоўскага і суседніх краін». Мапа была створаная на замову і пад кіраўніцтвам Мікалая Радзівіла Сіроткі, ён жа быў і фундатарам праекту.
«Чаму я кажу, што гэтая самая важная карта ў гісторыі Беларусі? Таму што да яе з'яўлення гістарычныя тэрыторыі нашай краіны ў складзе ВКЛ апісваліся на захадзе збольшага негатыўна: спрэс пушчы ды лясы. Хоць гэта і не адпавядала рэчаіснасці. І акурат князь Мікалай Радзівіл Сіротка вырашыў гэта выправіць і прыцягнуў да працы выдатных спецыялістаў. Глядзіце, здавалася б, карта як карта! Але за гэтым – велізарная праца. Трэба было аб'ехаць усю краіну…» – распавядае Рыгор Астапеня.
Павел Мацукевіч увогуле называе Радзівілаўскую карту «першай міжнароднай піяр-акцыяй беларускага паходжання».
«Таму што гэтая мапа змяніла імідж ВКЛ. Пазіцыянавала нашую краіну як цывілізаваную і ўрбанізаваную», – гаворыць Павел Мацукевіч.
Спроба ўмацаваць незалежнасць краіны
«Радзівілаўка» фіксуе больш за тысячу гарадоў і мястэчак. З іх 344 – беларускія. Гэта больш за 70 % усіх існых населеных пунктаў на гістарычнай тэрыторыі Беларусі на той момант. Знаходзім на ёй і Менск, і Полацк, і Горадню, і Друю… Але, як на дзіва, лясоў на карце – вобмаль.
«Так, тут ёсць недакладнасць. Але, напэўна, рабілася гэта адмыслова. Бо тагачасныя трэвэл-блогеры, гэта значыць усялякія паслы, палкаводцы ды шпіёны, пісалі ў сваіх нататках пра лясы ды дзікія плямёны. І вось Мікалай Радзівіл Сіротка зрабіў, можна сказаць, такую візітоўку, бо не было тады ні «Ютуба», ні «ТыкТока». І зрабіў яе невыпадкова на лацінскай мове, якой валодала ў тыя часы адукаванае грамадства Еўропы», – праводзіць паралель з сучаснасцю Павел Мацукевіч.
Больш за тое, Радзівілаўская карта ВКЛ друкавалася ў найлепшай і найбуйнейшай тагачаснай тыпаграфіі – у друкарні афіцыйнага картографа Галандыі і выдаўца першага атласу свету Вілема Блаў у Амстэрдаме.
«Такая замова каштавала вялікіх грошаў. І трэба адзначыць, што не ўсе краіны маглі дазволь сабе раскошу стварыць уласную мапу. Яе ўладальнікамі маглі быць багатыя людзі – з князёў ці шляхты. Звычайна карта займала ў замку ці палацу адно з пачэсных месцаў», – распавядае Павел Мацукевіч.
«Так, і гэта была таксама спроба ўмацаваць незалежнасць краіны, паказаць самастойнасць ВКЛ, незалежнасць краіны, у тым ліку ад Польшчы. І таму, напрыклад, на гэтай карце межы Вялікага княства Літоўскага не зусім адпавядаюць тым межам, якія існавалі ўжо на момант яе выдання, бо на ёй акрэсленыя межы краіны да Люблінскай уніі (1569 год)», – дадае Рыгор Астапеня.
Атласнае выданне з тэкстам на сподзе
Радзівілаўская карта вытрымала каля 20 выданняў. У чым асаблівасць асобніка, набытага ініцыятывай «Maldzis»? А там ёсць свая таямніца.
Упершыню Радзівілаўская карта была выдадзеная ў 1603 годзе ў Нясвіжы накладам больш за 100 асобнікаў. На жаль, пра лёс першага выдання не ведаюць ні картографы, ні гісторыкі («Але будзем спадзявацца, што калісьці знойдзецца і яно», – зазначае Мацукевіч).
Пазней карту замаўляюць у Галандыі Вілему Блаў. Першае «галандскае» выданне з'яўляецца ў 1613 годзе – і гэта былі насценныя карты з тэкстам унізе аўтарства Томаша Макоўскага (ён жа аўтар гравюр, створаных для карты) і іншай дэкоравай стужкай.. Вядома пра адзіную карту з выдання 1613 года, якая захавалася да нашых часоў, яна знаходзіцца ў веймарскім музеі (Нямеччына).
У 1631 годзе Вілем Блаў пачынае ўключаць Радзівілаўскую карту ў атласы, якія выдае. Але гэтыя атласныя версіі друкуюцца з клішэ 1613 года, таму на картах, надрукаваных у 1631 годзе, застаецца ранейшая дата.
Сацыёлаг Рыгор Астапеня і былы кіраўнік амбасады Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч.
Асобнік, які зараз належыць беларусам, – з другога «атласнага» выдання 1631 года (у гэтым годзе Блаў робіць два выданні «Радзівілаўкі»). На зваротным баку асобніка маецца агульнае апісанне краіны. Лічыцца што тэкст гэтага апісання быў створаны раней за карту – напрыканцы XVI стагоддзя, а ягоны аўтар – дакладна невядомы. І гэта не Тамаш Макоўскі, дадае Павел Мацукевіч.
Яшчэ некалькі цікавостак пра Радзівілаўскую карту
- Карта друкавалася ў Галандыі да 1670 года (вытрымала 20 выданняў) з тых самых клішэ 1613 года. Друкавалася б, напэўна і надалей, калі б не пажар, які знішчыў тыпаграфію…
- Радзівілаўскія карты, якія выходзілі з друкарні Блаў, былі чорна-белымі. Размалёўвалі іх уручную. Захаваліся і чорна-белыя, і каляровыя асобнікі (набыты беларусамі – размаляваны).
- Карта выдавалася на лацінскай мове, але існуюць пазнейшыя варыянты «Радзівілаўкі» на нямецкай і французскай мовах.
- Як мяркуе Рыгор Астапеня, у музеях і прыватных калекцыях Беларусі могуць знаходзіцца 7 (магчыма, 8) асобнікаў Радзівілаўскай карты розных выданняў.
- Адзін з асобнікаў карты захоўваўся ў карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанку» і быў канфіскаваны ў 2020 годзе «сілавікамі» разам з карцінай «Ева» Хаіма Суціна ды іншымі працамі.
- Польскі навуковец Ярослаў Лучыньскі заўважыў, што ў картаграфіі менавіта на Радзівілаўскай мапе ўпершыню з'явілася назва «Ukraina».
Радзівілаўская карта вернецца ў Нясвіж?..
У траўні 2025 года ініцыятыва па вяртанні культурнай спадчыны «Maldzis» плануе зладзіць у Варшаве вялікую імпрэзу, прысвечаную гісторыі ВКЛ. На ёй, па словах Рыгора Астапені, будзе выстаўленая і Радзівілаўская карта, а таксама Статут ВКЛ 1588 года. Плануюцца паездкі і ў іншыя гарады.
Гэтыя скарбы можна будзе пабачыць на ўласныя вочы. А калі прыйдзе час, набыткі будуць перададзеныя ў Беларусь. Радзівілаўская карта вернецца ў Нясвіж, дзе і была створаная больш за 300 гадоў таму.
Зміцер Міраш/belsat.eu