Беларуская Служба

Эканаміста Паўла Данэйку завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі па справе «Каардынацыйнай рады»

03.02.2025 15:03
Справу пачалі разглядаць 23 снежня 2024 года, а спецыяльная вытворчасць у адносінах да эканаміста была распачатая 8 кастрычніка.
Павел Данэйкаberoc

У Мінскім гарадскім судзе 31 студзеня вынеслі завочны прысуд эканамісту і адміністрацыйнаму дырэктару даследчага цэнтра BEROC Паўлу Данэйку. Суддзя Валянціна Зянькевіч прызначыла яму 12 гадоў калоніі і штраф у памеры 13 000 базавых велічыняў (546 000 рублёў), паведамляе «Вясна».



Эканаміста прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 4 арт. 16 і ч. 4 арт. 233 (арганізацыя і кіраўніцтва прадпрымальніцкай дзейнасцю, якая ажыццяўляецца без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі)), ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады) і ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).

Справу супраць Паўла Данэйкі пачалі разглядаць 23 снежня 2024 года, а спецыяльная вытворчасць у адносінах да яго была распачатая 8 кастрычніка. Паводле версіі абвінавачання, Данэйка ў жніўні 2020 года ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады і «як ейны ўдзельнік здзяйсняў актыўныя дзеянні для дасягнення мэт неканстытуцыйнага захопу дзяржаўнай улады».

Эканаміста прызналі вінаватым у «змове, зладжанай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам», і на падставе ч.1 арт. 357 КК прызначылі яму дзевяць гадоў са штрафам у памеры 10 000 базавых велічыняў (420 000 рублёў.) За «ўваходжанне яго ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці» (ч. 3 арт. 361-1 КК) яму прызначылі тры гады калоніі са штрафам у памеры тры тысячы базавых велічыняў (126 000 рублёў).

Таксама Паўла Данэйку прызналі вінаватым у «арганізацыі і кіраўніцтве прадпрымальніцкай дзейнасцю, што ажыццяўляецца без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі), і прадпрымальніцкай дзейнасці, што ажыццяўляецца без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі)), спалучанай з атрыманнем даходу ў асабліва буйным памеры» (ч. 4 арт. 16, ч. 2 арт. 233 КК) прызначылі яму штрафу ў памеры дзве тысячы базавых велічыняў у суме 84 000 рублёў.

Па сукупнасці злачынстваў шляхам поўнага складання прызначаных асноўных пакаранняў і далучэння дадатковых пакаранняў эканамісту завочна канчаткова прызначылі пазбаўленне волі на тэрмін 12 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 13 000 базавых велічыняў (546 000 рублёў).

аз