Беларуская Служба

Лівійскі віраж беларускай дыктатуры

21.02.2025 11:07
«Спадар Хафтар, лічыце, калі ласка, што вы прыйшлі да сяброў, да сябе дадому», — сказаў Лукашэнка 81-гадоваму дыктатару Лівіі ў Мінску, па якога адправіў свой уласны самалёт. Мінск. 
Сустрэча Лукашэнкі з фельдмаршалам і галоўнакамандуючым Лівійскай Нацыянальнай Арміяй Халіфам Белкасімам ХафтарамScreenshot z Youtube

У ноч на 17 лютага лукашэнкаўскі Boeing 737-800 з бартавым нумарам EW-001PA вылецеў з Мінска ў Бенгазі ў Лівіі і ў той жа дзень вярнуўся ў Беларусь. Жыхары краіны над Свіслаччу і Нёманам, якія сочаць за перыпетыямі беларускай афіцыйнай прапаганды мелі нагоду па-сапраўднаму пасмяяцца, бо на наступны дзень Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з фельдмаршалам і галоўнакамандуючым Лівійскай Нацыянальнай Арміяй Халіфам Белкасімам Хафтарам, які на гэтым самалёце прыляцеў у Беларусь разам з сынам і зяцем.

«Спадар Хафтар, лічыце, калі ласка, што вы прыйшлі да сяброў, да сябе дадому. Я шмат чытаў пра вас, шмат чуў, і вы мне шмат расказвалі. Але, на жаль, я сустракаюся з вамі толькі ў першы раз. Я хачу, каб вы ведалі, што мы добра ведаем сітуацыю ў Лівіі, мы вельмі добра ведаем Лівію. У мяне асаблівая сувязь з вашым народам. Некаторы час таму я наведаў Лівію. Вядома, сёння гэта іншая Лівія. Але вы павінны ведаць, што мы ў Беларусі гатовыя зрабіць для вас усё, што вы лічыце карысным», — сказаў Лукашэнка 81-гадоваму дыктатару краіны, значная частка якой у стане грамадзянскай вайны. Беларускі дыктатар спадзяваўся на дзве рэчы.

Першая — гэта непераадольнае жаданне вырвацца з міжнароднай ізаляцыі, у якой апынуўся рэжым у Мінску пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну. З таго часу Лукашэнка сустракаўся выключна з прадстаўнікамі азіяцкіх дэспатый ці такіх жа недэмакратычных афрыканскіх краінаў. А нядаўна яго нават высмеялі ў МЗС Паўночнай Карэі за тое, што ён заявіў, што КНДР імкнецца да кантактаў з ім і ягонага візіту ў гэтую краіну. Афіцыйная прадстаўніца міністэрства ў Пхеньяне публічна заявіла, што сітуацыя выглядае з дакладнасцю наадварот.

За апошнія тыдні змоўклі нават заклікі Мінску ладзіць тут мірныя перамовы па Украіне, якія да нядаўняга часу моцна раскручваліся лукашэнкаўскай прапагандай. Стала ясна, што ніякага «Мінска-3» — гэта значыць дамоўленасцяў па Украіне паміж Расіяй і ЕС не будзе, бо гэтым разам справа будзе разгортвацца зусім у іншай абстаноўцы. Што гэта значыць для Беларусі і яе лаяльных да Масквы ўладаў?

Як толькі вайна ва Украіне будзе спынена, рэжыму ў Мінску давядзецца сутыкнуцца з жорсткай пасляваеннай рэчаіснасцю. Старая ці новая ўлада ў Кіеве, якая, верагодна, застанецца арыентаванай на Захад, будзе спрабаваць рознымі спосабамі адплаціць Лукашэнку за яго ўдзел у гэтай вайне на баку Пуціна. Гэта азначае, як сцвярджаюць незалежныя беларускія аналітыкі, што скончыцца аператыўная паўза, падчас якой украінцы больш выйгравалі ад «low profile» ўладаў у Мінску адносна ўкраінскай абарончай вайны. А гэта значыць, што новая пасляваенная Украіна можа стаць значна больш актыўнай пагрозай для лукашэнкаўскай дыктатуры.

Але гэта толькі палова праблем сямідзесяцігадовага кіраўніка Беларусі. Пасля заключэння міру з Украінай расійская прапагандысцкая машына, якая ўвесь час падсілкоўвалася трохгадовай вайной, усё роўна будзе мець патрэбу ў штодзённым падсілкоўванні. Дык куды ж яна паверне вочы? У Казахстан ці Арменію? Малаверагодна. Нядаўна некаторыя абвесткі ў грамадскім транспарце ў сталіцы Беларусі раптам перайшлі з беларускай мовы на рускую. А такія рэчы тут у сталіцы - гэта як лакмусавая паперка. Яны азначаюць перамену ветру ва ўнутранай палітыцы.

Раней Лукашэнка заўсёды публічна прымяраў на сябе мантыю абаронцы суверэнітэту Беларусі. Пры гэтым ён гандляваў ім з-пад прылаўка з Масквой оптам і ў розніцу. Паводле ацэнак заходніх аналітыкаў, на продаж на гэтым складзе “суверэнітэту” засталося няшмат. Мяняць мову ў грамадскім транспарце сваёй сталіцы – гэта ўжо крайні варыянт. Але вернемся да нашых французаў – як кажуць бараны.

Каб супакоіць свайго маскоўскага ўладара, мінскі рэжым вырашыў крыху зазірнуць у будучыню з лівійскага віражу. Куды падзелася большая частка расійскай ваеннай тэхнікі з Сірыі, якую Расія – будзем спадзявацца – беззваротна страціла? Пераехала па моры да Хафтара! Ці застанецца яна пад кантролем Расіі ці Лівіі? Шмат што ў гэтым пытанні залежыць ад заходніх выведак. У любым выпадку, пасля многіх гадоў выкарыстання ў непрыязных для смараў пясчаных раёнах яна далёкая ад заводскага стану. А гэта значыць, што яна патрабуе пастаяннага і даволі дарагога рамонту.

Паводле афіцыйнай заявы Хафтара, «мудрае кіраўніцтва зрабіла Рэспубліку Беларусь высокатэхналагічнай краінай, дзе на высокім узроўні забяспечваецца вытворчасць сучаснага абсталявання, у тым ліку прамысловага і сельскагаспадарчага. Мы вельмі хочам развіваць з вамі супрацоўніцтва так, каб яно было ўзаемавыгадным, на карысць абедзвюх краін і народаў», — заявіў у Мінску камандуючы Лівійскай Нацыянальнай Арміяй, якога цытуе расійская і беларуская прапаганда.

Афіцыйна заяўленай мэтай візіту лівійскай ваеннай дэлегацыі ў Беларусь было наладжванне кантактаў паміж дзвюма краінамі ў гуманітарнай і сацыяльнай сферах, а таксама эканамічнае супрацоўніцтва. Таму ў бліжэйшы час варта чакаць шмат новых беларускіх трактароў на ўрадлівых лівійскіх чарназёмах. Гэтая братэрская дапамога Беларусі лівійскаму народу, напэўна, зробіць вялікае ўражанне на Пуціна, які паўсюдна вядомы сваім добрым сэрцам – і таму ён дазволіць Лукашэнку яшчэ некаторы час кіраваць у Мінску.

З Беларусі для Польскага радыё – Ян Кшыштаф Міхаляк

Паўночнакарэйскі разварот беларускай эканомікі

18.02.2025 12:26
Аляксандр Лукашэнка каля 20 гадоў таму ён заяўляў, што прыйдзе такі дзень, калі ён пацісне руку апошняму прыватнаму прадпрымальніку ў краіне.