Агульная колькасць гвалтоўна перамешчаных украінскіх дзяцей у Беларусь ужо перавысіла 3 500, заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка з нагоды трэцяй гадавіны поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі падтрымлівае Маскву.
Паводле сабраных даных, агульная колькасць гвалтоўна перамешчаных украінскіх дзяцей у Беларусь ужо перавысіла 3500 чалавек. З лістапада 2024 года па студзень 2025 года мінімум 7 груп дзяцей былі незаконна перамешчаныя з часова акупаваных рэгіёнаў Украіны ў Беларусь. Большасць з іх – з Данецкай, Луганскай і Херсонскай абласцей Украіны. Не менш як 120 дзяцей сталі ахвярамі незаконнай дэпартацыі і прымусовай індактрынацыі на тэрыторыі Беларусі.
«У чэрвені і лістападзе 2023 года мы перадалі сабраныя матэрыялы наўпрост прадстаўнікам Офіса пракурора Міжнароднага крымінальнага суда: сведчанні незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей і факты іх прымусовай інтэграцыі ў беларускае і расійскае сацыяльна-культурнае асяроддзе», — нагадвае Латушка.
Сабраныя НАУ дакументы ўтрымліваюць звесткі пра даты і месцы знаходжання дзяцей, абставіны іх перамяшчэння, праграмы іх знаходжання ў Беларусі; крыніцы інфармацыі, выкарыстаныя для пацвярджэння даных (фатаграфіі, відэазапісы, дакументы).
«Мы працягваем актыўную працу, фіксуючы новыя выпадкі злачынстваў і выяўляючы вінаватых. Мы нагадваем асобам, адказным за ўчыненне гэтых злачынстваў, што яны не маюць тэрміну даўнасці, а справядлівасць абавязкова пераможа», — адзначыў кіраўнік структуры.
У 2023 годзе НАУ двойчы перадавала МКС матэрыялы пра датычнасць рэжыму Лукашэнкі да незаконнага перамяшчэння ў Беларусь дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны. Прадстаўнікі дэмакратычных сіл дамагаюцца выдачы ордара на арышт Лукашэнкі.
вх