Каля трох тыдняў таму міністр унутраных спраў Іван Кубракоў на пасяджэнні Мінгарвыканкама паведаміў, што ў Мінску будуць абнаўляць спісы «дармаедаў», тых, хто атрымлівае зарплату ў канвертах, а таксама тых, хто працуе за мяжой.
Па выніках праверкі Кубракоў прапануе змяніць працоўнае заканадаўства: «Працаваць павінны ўсе, хто карыстаецца сацыяльнымі выгодамі, якія дае дзяржава».
Анансаваная адпрацоўка ўжо пачалася. Пра адзін з дзіўных званкоў з «аналітычнага аддзелу» стала вядома «Нашай Ніве».
— Шукалі майго дзядзьку, які эміграваў у Амерыку яшчэ ў сярэдзіне 90-х. Ён не з’яўляўся ў Беларусі больш за 30 гадоў, — распавядае суразмоўца. — У мяне ажно вочы на лоб палезлі, калі я нарэшце зразумеў, каго шукаюць. Сказалі: «Апошняе, што мы пра яго ведаем, гэта што ён набыў квіток на самалёт у ЗША».
Мужчына кажа, што яму растлумачылі: пра дзядзьку згадалі, таму, што шукаюць «дармаедаў».
— Спыталі, чаму і пры якіх абставінах дзядзька вырашыў з’ехаць. Цікавіліся, ці ёсць у яго амерыканскае грамадзянства.
НН/ав