Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на бягучым тыдні прыме з візітам Аляксандра Лукашэнку, паведаміў расійскі прапагандыст Павел Зарубін у эфіры тэлеканала «Россия 1». Дату сустрэчы ён не назваў.
Афіцыйнай інфармацыі пра сустрэчу пакуль няма, прэс-служба Лукашэнкі пакуль пра яе не паведамляла.
«Свабода» нагадвае, што на прэс-канферэнцыі ў Мінску 26 студзеня Лукашэнка, адказваючы на пытанне, куды ён зробіць свой першы афіцыйны візіт у выпадку перамогі на выбарах, заявіў, што нядаўна абмяркоўваў гэтую тэму з Пуціным, які запэўніў, што яго заўсёды чакаюць у Маскве.
«Таму я планую, што мы сустрэнемся з прэзідэнтам Расіі ў Маскве і, як належыць афіцыйным візітам, правядзём адпаведныя кантакты і перамовы», заявіў Лукашэнка.
Папярэдні раз Лукашэнка і Пуцін сустракаліся 25–26 снежня ў Санкт-Пецярбургу падчас пасяджэння кіраўнікоў дзяржаў-членаў Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама нефармальнага саміту Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
аз